У Лунінецкім раёне знайшлі пенсіянера, які 21 верасня на ровары паехаў у лес у грыбы і заблукаў.
Як паведамілі ў Лунінецкім РАУС, 75-гадовага жыхара вёскі Бродніца шукалі з 24 верасня. У гэты дзень у міліцыю звярнулася яго грамадзянская жонка. Вяскоўка расказала, што яе сужыцель, які паехаў тры дні таму у грыбы, знік. Паводле слоў жанчыны, раней ён сыходзіў у лес на трое сутак і вяртаўся дадому.
У пошуках мужчыны былі задзейнічаныя супрацоўнікі міліцыі, МНС, леснікі і мясцовае насельніцтва. Адпрацоўваліся прылеглыя лясныя масівы і сельскія населеныя пункты.
У 7 гадзін раніцы 29 верасня заблукалага ўбачыў у лесе недалёка ад вёскі Дзятлавічы мясцовы жыхар. Ён прывёў пенсіянера, у якога быў пакет з грыбамі, да сябе дадому і пазваніў знаёмаму работніку міліцыі. Той паведаміў пра знойдзенага грыбніка ў раённы аддзел унутраных спраў.
Супрацоўнікам Лунінецкага РАУС мужчына расказаў, што заблукаў 21 верасня. Начаваў у лесе і нежылых дамах на хутарах. Еў шчаўе, ягады і яблыкі. Свой ровар ён згубіў.
Стан здароўя пенсіянера не выклікаў асцярог, і яго даставілі дадому. Лясны масіў, дзе знайшлі вяскоўца, знаходзіцца за 12 км ад вёскі, у якой ён жыве.
Як зазначылі ў Лунінецкім РАУС, сёлета ў раёне гэта першы выпадак, калі чалавек заблукаў у лесе падчас збору грыбоў.