Міністр замежных спраў Уладзімір Макей на Генасамблеі ААН заклікаў «уладных людзей» не навязваць іншым краінам мадэлі развіцця і не прымушаць свет «адмовіцца ад каштоўнасцяў традыцыйнай сям'і», паведамляе Цэнтр навінаў ААН.

З 29 верасня па 1 кастрычніка Уладзімір Макей на чале беларускай урадавай дэлегацыі знаходзіцца з візітам у Нью-Ёрку, дзе праходзіць асноўная частка 69-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН. У аўторак, 30 верасня, кіраўнік МЗС Беларусі выступіў перад удзельнікамі агульнапалітычнай дыскусіі.

«Шчыра кажучы, мы — большасць — ужо прывыклі да таго, што нам навязваюць чужыя палітычныя і эканамічныя мадэлі. <…> Хтосьці хоча, каб нашы народы кармілі не саміх сябе, а транснацыянальны капітал. Калі мы супраціўляемся, нас караюць. Прычына заўсёды надуманая — «парушэнне правоў чалавека» ў непакорных дзяржавах», — цытуе Макея Цэнтр навінаў ААН.

Ён падкрэсліў, што Беларусь, Венесуэла, Іран і Куба на працягу многіх гадоў з'яўляюцца «прадметам нападак звонку».

«Не менш небяспечнае, аднак, і іншае. Апошнім часам такія спробы насаджэння сталі рабіцца ўжо ў дачыненні да нашай ідэнтычнасці. Нам больш настойліва стараюцца навязаць чужыя культурныя перавагі», — сказаў кіраўнік МЗС Беларусі. У сувязі з гэтым ён паскардзіўся, што Захад прымушае іншыя дзяржавы «адмовіцца ад каштоўнасцяў традыцыйнай сям'і і замест гэтага прызнаць разнастайнасць форм гэтага інстытута».

Кажучы аб парадку дня ў сферы развіцця пасля 2015 года, прадстаўнік Беларусі падкрэсліў, што працэс глабалізацыі павінен быць больш раўнамерным і справядлівым.

Міністр выказаў занепакоенасць наконт росту няроўнасці ў свеце. Ён прыцягнуў увагу да праблем змены клімату, энергетычнай і харчовай бяспекі, а таксама заклікаў умацоўваць барацьбу з такім феноменам, як гандаль людзьмі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?