Маладая настаўніца дзіцячай школы мастацтваў купіла машыну і на працягу месяца ездзіла на працу з Гродна ў Абухава па платнай дарозе. А потым даведалася, што ёй трэба заплаціць 3800 еўра штрафу.

— Паколькі машына на транзітных нумарах, датчыкі на арках пастаянна спрацоўвалі, а праезд пад кожнай аркай без бартавой прылады — гэта штраф 100 еўра, — распавядае Людміла, якая была ўпэўненая, што плаціць за праезд па дарозе павінны толькі замежнікі і кіроўцы «велікагрузаў». — У жыцці не магла б падумаць, што на працу ў Абухава буду ездзіць за 100 еўра. Мне танней было б сядзець дома. Я грамадзянка РБ, машыну прыгнала з Польшчы нядаўна, аўтамабіль на французскіх нумарах, але зарэгістраваць яго ў ДАІ яшчэ не паспела, бо не было грошай. Усе адпускныя выдаткавала на растаможку і запраўку. Думала, што з зарплаты зарэгіструю машыну, прайду тэхагляд, заплачу аўтамабільны падатак і куплю страхоўку. А атрымалася вось як.

За месяц дзяўчына паспела з'ездзіць у госці, на дачу і больш за дзесяць разоў — на працу ў Абухава і назад.

Па словах Людмілы, самае дзіўнае ў гэтай гісторыі — тое, што міма пасёлка Берагавы, дзе часта дзяжурыць транспартная інспекцыя, яна праязджала мінімум два разы на дзень, але ніхто яе не спыняў. Затрымалі толькі праз месяц пасля першага парушэнні і паведамілі, што яна парушыла 38 разоў — цяпер трэба выплаціць 3800 еўра штрафу. З гэтай сумай Людміла не згодна.

— На працягу дзесяці дзён магу спакойна ездзіць па тэрыторыі Беларусі на транзітных нумарах, а значыць, 1400 еўра мне налічылі няправільна. Больш за тое, я амаль суткі прабыла на беларуска-польскай мяжы, але ніякага інфармацыйнага стэнда там не было пра тое, што трэба набыць бартавую прыладу. Наколькі я ведаю, іх толькі зараз пачалі ўсталёўваць.

Зараз дзяўчына ездзіць на працу на машыне брата. Яе аўтамабіль знаходзіцца на штрафстаянцы. Грошай, каб унесці неабходную суму, у яе няма.

Як растлумачылі ў транспартнай інспекцыі па Гродзенскай вобласці, на легкавыя аўтамабілі з транзітнымі нумарамі, прывезеныя беларусамі з-за мяжы, неабходна набываць мабільныя счытвальныя прылады электроннай аплаты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?