На беларускіх прадпрыемствах недастатковы тэмп росту прадукцыйнасці працы, а значыць, у іх няма падстаў для павелічэння зарплат сваім работнікам. Такая выснова вынікае са звестак афіцыйнай статыстыкі. 

Нагадаем, у канцы ліпеня ўрад прыняў пастанову № 744 «Аб аплаце працы работнікаў», якая звязала павелічэнне зарплат на дзяржпрадпрыемствах з тэмпамі росту прадукцыйнасці працы. У якасці паказчыка для вызначэння прадукцыйнасці працы ўстаноўленая выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг на аднаго сярэдняспісачнага работніка. 

Згодна з пастановай, для дзяржаўных арганізацый устаноўлена, што рост сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў дапускаецца толькі пры ўмове апераджальнага росту прадукцыйнасці працы. Пры невыкананні названай умовы фонд заработнай платы за справаздачны месяц змяншаецца да памеру, які забяспечвае суадносіны росту прадукцыйнасці працы і заработнай платы не менш як 1,0. 

Між тым звесткі афіцыйнай статыстыкі сведчаць, што суадносіны тэмпу росту прадукцыйнасці працы (выручкі на аднаго сярэдняспісачнага работніка) і тэмпу росту намінальнай налічанай сярэднямесячнай зарплаты ў многіх арганізацыях складаюць менш за 1,0. Так, у арганізацыях Брэсцкай вобласці згаданыя суадносіны склалі паводле вынікаў студзеня—ліпеня 0,96; на прадпрыемствах Віцебскай вобласці — 0,94; у Мінску — 0,9; у Магілёўскай вобласці — 0,92; у Гродзенскай і Мінскай абласцях — 0,98; у Гомельскай вобласці — 0,95. 

Такім чынам, згодна з пастановай № 744, многія арганізацыі не маюць падстаў для павелічэння зарплат і павінны былі скарэктаваць у бок змяншэння фонд заработнай платы да памеру, які забяспечвае суадносіны росту прадукцыйнасці працы і зарплаты не менш за 1,0. Нормы пастановы № 744 павінны выконвацца пры разліку зарплат работнікаў пачынаючы са жніўня 2014 года. 

Як паведамлялася раней, у жніўні сярэдняя зарплата ў Беларусі склала 6,36 млн рублёў і ўпершыню ў 2014 годзе знізілася ў параўнанні з папярэднім месяцам. Зніжэнне зарплат у жніўні ў параўнанні з ліпенем адбылося ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?