Валгаградскі абласны суд разглядзеў скаргу McDonald's на рашэнне Варашылаўскага раённага суда, які закрыў пункты харчавання на два месяцы, і прыняў нестандартнае рашэнне: дазволіў адкрыць рэстаран для кліентаў, але забараніў іх карміць і паіць.
8 верасня суд закрыў у Валгаградзе два рэстараны McDonald's, бо у іх знайшлі кішачную палачку. Аднак адміністрацыя рэстаранаў хуткага харчавання з такім рашэннем не пагадзілася і абскардзіла гэтае рашэнне ў вышэйшай інстанцыі.
Аблсуд змяніў рэзалюцыйную частку пастановы і прыпыніў на 60 дзён толькі дзейнасць, звязаную з арганізацыяй грамадскага харчавання, паведамілі ў прэс-службе абласнога суда. Гэта азначае, што McDonald's можа адчыніць свае дзверы для наведвальнікаў, але гатаваць і прадаваць стравы яны не маюць права.
Масавыя праверкі амерыканскай сеткі McDonald's пачаліся пасля абвяшчэння Расіяй аб увядзенні прадуктовага эмбарга ў адказ на санкцыі ЗША і ЕС супраць Масквы ў сувязі з украінскім крызісам. У Расспажыўнаглядзе па-ранейшаму запэўніваюць, што праверкі ў рэстаранах McDonald's носяць планавы характар і не звязаныя з апошнімі палітычнымі падзеямі.





