Кожная пятая школа ў Расіі знаходзіцца ў аварыйным стане. 46% дарог – у непрымальным стане. Такі рэальны стан Расійскай Федэрацыі. Гэта таксама адлюстраванне стану органаў улады, якія адказваюць за адукацыю і дарогі, — мясцовых органаў улады.

Такія лічбы прывёў у сваім дакладзе «Мясцовае «самакіраванне» ў недэмакратычным рэжыме: праблемы легітымнасці, эфектыўнасці і адказнасці» на 4-м Кангрэсе даследчыкаў Беларусі запрошаны з Расіі госць – доктар палітычных навук з Вышэйшай школы эканомікі (Масква) Расціслаў Туроўскі.

Федаралізм у Расіі таксама існуе толькі на паперы, працягнула ягоныя думкі доктар палітычных навук, калега па ВШЭ Ірына Бусыгіна.

Кангрэс даследчыкаў Беларусі праходзіць у Коўне (Літва). На яго з’ехаліся 480 навукоўцаў. Тэмы пятнаццаці секцый ахопліваюць самыя розныя пытанні: ад наступстваў украінскага крызісу для Беларусі, праз праблемы гісторыі ВКЛ, да даследаванняў маскуліннасці.

Туроўскі і Бусыгіна мелі слова на секцыі «Мясцовыя інстытуты і палітыка ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе».

Самакіраванне ў Расіі, як і ў Беларусі, ператварылася ў інстытут аўтарытарнага рэжыму. Яно займаецца не толькі лакальнымі гаспадарчымі і камунальнымі пытаннямі, але і палітычным кантролем.

Якія надзеі на тое, што сітуацыя зменіцца?

Няма ніякіх надзей на перамены знізу, кажа Ірына Бусыгіна. «Крытычнай масы незадаволеных няма. Бо межы адкрытыя. Мае студэнты ад’язджаюць з Расіі пачкамі, аж плакаць хочацца», — кажа Бусыгіна.

Нацыянальныя рэспублікі таксама не маюць вялікага ўплыву ў федэральным маштабе.

Перамены могуць прыйсці толькі праз раскол эліт. Але пры цяперашніх цэнах на нафту раскол эліт таксама неймаверны, мяркуюць маскоўскія палітолагі.

На эфект заходніх санкцый разлічваць не выпадае. Толькі калі будуць такі санкцыі, якія зварушаць сярэдні слой, толькі тады могуць узнікнуць перадумовы для перамен знізу, кажа Бусыгіна.

Найхутчэй, тая самая асоба застанецца прэзідэнтам Расіі яшчэ на адзін тэрмін, заключыў Туроўскі. Але пытанне, з якой праграмай ён пойдзе на другі тэрмін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?