Кіраўніком аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» ў Мінскай вобласці абраны Павел Пракаповіч.
Адпаведнае рашэнне было прынята 4 кастрычніка ў Мінску на абласной справаздачна-выбарнай канферэнцыі аргкамітэта БХД.
У канферэнцыі, паведамляе прэс-служба БХД, бралі ўдзел больш за 20 чалавек з розных гарадоў вобласці, а таксама кіраўнікі аргкамітэта Павел Севярынец, Віталь Рымашэўскі, Дзяніс Садоўскі і каардынатар кампаніі «Народны кантроль» Вольга Кавалькова.
На канферэнцыі прынята рэзалюцыя ў падтрымку намеру ўлад аб павелічэнні колькасці гадзін выкладання беларускай мовы ў сярэдняй школе, аднак зрабіць гэта прапаноўваецца за кошт гадзін, прызначаных для выкладання рускай мовы, а не англійскай.
Падчас канферэнцыі былі абмеркаваны кампаніі, якія праводзіць БХД, а таксама перспектывы прэзідэнцкай кампаніі 2015 года і дзейнасці Мінскай абласной арганізацыі на наступнае паўгоддзе.