Адкрываючы сёння пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД, Аляксандр Лукашэнка заклікаў канфліктуючыя ва Украіне бакі спыніць кровапраліцце і выканаць мінскія дамоўленасці.

«Абсалютна недапушчальная сітуацыя, калі тут, у нас, практычна ў цэнтры Еўропы, вядуцца баявыя дзеянні. Спадзяюся, што ўсе падтрымаюць маё меркаванне аб неабходнасці хутчэйшага спынення сутыкненняў на паўднёвым усходзе Украіны. Бакам канфлікту неабходна знайсці не проста агульныя падыходы, а спыніць кровапраліцце і выканаць тыя дамоўленасці, якія былі дасягнуты тут, у Мінску», — сказаў Лукашэнка.

«Усе спрэчныя пытанні трэба вырашаць толькі мірным шляхам, нельга дазволіць далей ліцца крыві нашага братняга народа Менавіта таму Мінск стаў перамоўнай пляцоўкай для канфліктуючых бакоў, і быццам бы мы змаглі на гэтым шляху нечага дасягнуць», — падкрэсліў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, цяпер «важна ўсведамляць, што Украіна — гэта не проста лакальны ачаг бітваў».

«Баявыя дзеянні непасрэдна ўплываюць на бяспеку і падрываюць эканамічнае развіццё як Украіны, так і ўсяго постсавецкага рэгіёну ў цэлым. Скажу шчыра, гэта не толькі мой пункт гледжання. Мы павінны ў рамках СНД больш увагі надаваць гэтым праблемам. Бо куды ўжо далей, калі вайна ідзе на тэрыторыі аднаго з нашых партнёраў», — сказаў беларускі кіраўнік.

Пры гэтым ён лічыць недапушчальным, калі пытанні, якія тычацца Украіны, «вырашаюцца недзе далёка — ці то ў Берліне, ці то ў Мілане».

«Тады пытанне, чаго да нас звяртацца па іншых пытаннях — эканамічных, палітычных, дыпламатычных. Трэба, напэўна, іх вырашаць там — у Берліне ці Мілане», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?