Напісаць гэты невялічкі тэксцік прымусілі словы капітана зборнай Цімафея Калачова.

У інтэрв’ю Еўрарадыё футбаліст заявіў: «Крычаць палітычныя лозунгі, я лічу, было няправільна. Што тычыцца нашых заўзятараў, то калі вы прыйшлі на футбол, то трэба ж сваю каманду гнаць наперад. Можа быць, у нас у канцоўцы і атрымалася б не прайграць. А выкрыкванні ў адрас Расіі — гэта, сапраўды, я лічу, глупствы і няправільныя паводзіны. Ну і футбол — гэта не месца, напэўна, для гэтых рэчаў».

Вось як аказваецца — ва ўсім вінаватыя заўзятары. Не самі футбалісты, якія не змаглі выйграць у гасцях у Люксембурга. Не трэнерскі штаб. А заўзятары. Крайні знойдзены.

Бедны Калачоў, далікатныя вушы якога гэтак непакоілі «непрыстойныя» выгукі з фан-сектараў каманд. Калачоў, па ўсім відаць, чалавек тонкай душэўнай арганізацыі. Заўзятары так разгайдалі псіхіку паўабаронцы «Растова», што ў выніку ён так і не змог адправіць мяч у браму Пятава. Ну, з кім не бывае.

Згадваецца, дарэчы, словы іншага капітана зборнай. Пасля разгромнага пройгрышу ад Іспаніі Глеб сказаў проста: «Мы выйшлі і абаср.ліся». Вінаватых ён не шукаў. Учора Глеба ў складзе не было.

Дарэчы, зноў хочацца вярнуцца да выказванняў Калачоў. Не гэтых, а трошку даўнейшых. Журналіст «Савецкага спорту» запытаўся ў Цімафея: «Ці абмянялі б Вы 10 чэмпіёнстваў у Беларусі на 1 Кубак Расіі?» Канечне, адказаў Калачоў, гэта іншы ўзровень.

Блін, вось удумайцеся ў лічбы. Калі верыць Калачову, то Кубак Расіі больш чым у 10 разоў мацнейшы за чэмпіянат Беларусі! Ну як вам? Адчулі ўсяленскі маштаб і важнасць матчаў «Тасно» і «Акіяна» з Находкі? Вось адкуль гэтая непавага да свайго? Ясна, што кожнаму футбалісту хочацца вырасці з вузенькіх штонікаў нацыянальнага першынства, але ж ніхто не прымушае гэтак грэбліва выказвацца аб ім. Элементарнае пачуцце такту ніхто не адмяняў.

Вось і ўзнікае пытанне: а ці можа такі чалавек, якім бы крутым футбалістам ён ні быў, насіць павязку капітана зборнай?

Ці вось прыклад іншага футбаліста зборнай Стаса Драгуна. Дарэчы, мы са Стасам паходзім з суседніх вёсак. Ён з Жыцькава (я там вучыўся ў школе), а я — з Кастрыцы. Летам Стас загнуў:

«У нашай краіне вельмі чыста і акуратна. Кіраўнік краіны вельмі старанна сочыць за парадкам на ўсіх узроўнях. Я б назваў гэта «Савецкі Саюз на еўрапейскі лад». У астатнім жа мы падобныя да Расіі. Адзін народ, адна ментальнасць і культура».

Кепска, канечне, што футбалістам парою бракуе часу на адукацыю. Але я думаю Драгун мог бы знайсці час пачытаць пару кніжак па беларускай гісторыі, культуры, літаратуры. Гэтак не так ужо складана.

Якая можа быць аднолькавая ментальнасць у нашых народаў? Вось самы банальны прыклад, які любіць прыводзіць Сяргей Дубавец: два беларусы ў пустой электрычцы заўсёды сядуць у розных кутах вагона, а двое рускіх – побач. Беларусы індывідуалісты, партызаны, а рускія — хутчэй калектывісты.

І ўрэшце, Стасе, калі няма розніцы, то адкажы, калі ласка, а навошта існуе зборная Беларусі па футболе, навошта ты апранаеш яе майку? Мы ж усе рускі свет, калі верыць тваім выказванням.

У гульцоў зборнай няма элементарнай павагі да сваёй краіны. Яны не адчуваюць за яе гонар. У людзей усё яшчэ моцны комплекс непаўнавартасці, комплекс малодшага брата. Пакуль гульцы яго не пазбавяцца, не бачыць нам поспехаў нацыянальнай каманды. І ад гэтага сапраўды сумна.

А падтрымка ўчора на стадыёне была шыкоўнай. Ведаю, пра што кажу, бо амаль не прапускаю матчаў зборнай. Пра Пуціна там жа спявалі ўсяго пару хвілін у кожным з таймаў. У астатні час гучала «Беларусь» і іншыя крычалкі ніяк не звязаныя з палітыкай. За заўзятараў зусім не сорамна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?