Човен — лодка, выдзеўбаная з аднаго цэльнага камля дуба, які выраблялі спрадвеку майстры па берагах Прыпяці, мае адметны выгляд: востры нос і карма, доўгі корпус, пры ім адналопаснае кароткае вясло з папярэчынай на ручцы. Яго зручна было выкарыстоўваць у рыбалоўстве, перавозцы грузаў і людзей, служылі чаўны і ў якасці парома. Вясной падчас разліву човен быў адзіным сродкам руху. Па Прыпяці плавалі на вялікія адлегласці чаўны даўжынёй дзесяць метраў і больш, на якіх можна было перавозіць цяжкія грузы, а ў побыце выкарыстоўвалі зручныя невялікія — ад двух з паловай метраў даўжыні. Востры нос дазваляў бясшумна ўразацца ў зараснікі на беразе падчас палявання на качак, ды і ў рыбалоўстве вельмі зручны. Мае надзіва хуткі ход, але кіраваць ім трэба асцярожна: прыгроб моцна ваду пад дно — і ён не спыніцца, пакуль не зробіць поўны паварот на месцы.

Дубоў на Палессі было багата, і чалавек з даўніх часоў ацаніў трываласць гэтага дрэва, быў удзячны за доўгую службу. Да таго ж дуб у вадзе рабіўся яшчэ мацнейшым. Такі човен амаль паўсюдна называлі «дуб». Невялікія чаўны, на аднаго-двух чалавек, зробленыя з іншых дрэў, называюць таксама па пародзе дрэва, з якога яны зробленыя: ліпаўка, асінаўка, вярбуўка… А на Палессі іх празвалі «душагубкамі», бо яны лёгкія, няўстойлівыя, часта пераварочваліся, ствараючы небяспеку людзям.

Для ўстойлівасці да іх пачалі прыбіваць крылы з дошак — такая лодка называлася шугалея. Са з’яўленнем паўсюдна лодак з дошак шугалеі зніклі, а вось чаўны яшчэ служаць. Човен у Беларусі вядомы з неаліту і быў распаўсюджаны шырока на ўсёй тэрыторыі. Толькі ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя яго выцеснілі лодкі з дошак.

Зрабіць човен для гаспадарчых патрэб умеў бадай што кожны мужык, бо з дзяцінства вучыўся даўбёжнаму рамяству на вырабе посуду (міскі, лыжкі, кублы, карцы, апалушкі, сальніцы, маслабойкі і іншыя), мэблі (боні — своеасаблівы куфар на Палессі ў выглядзе бочкі, шафкі для кухні), майструючы кайдуб для студні і такія прыстасаванні, як ступа, калоды для бортніцтва і шмат іншага. Інструменты выкарыстоўвалі тыя ж, што і для іншых патрэб, — сякеру, цяслу, долата, разец. Сёння мала хто займаецца гэтым рамяством, хіба што для вырабу сувеніраў, каб адлюстраваць народную традыцыю. А вось чаўны па Прыпяці яшчэ плаваюць. Захаванню старадаўняй традыцыі садзейнічае Нацыянальны парк «Прыпяцкі», які пабуджае майстроў адраджаць рамяство. У экспазіцыі Музея прыроды ў Ляскавічах (адчынены ў 2012 годзе) можна ўбачыць човен з дубу работы майстра з вёскі Перароў Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці Леаніда Швяца. Мы спецыяльна адправіліся да яго ў госці, каб пазнаёміцца і параспытваць пра рэдкае рамяство, але мелі магчымасць і паназіраць, як рухаецца гэтая старадаўняя лодка, упэўніліся, што яна яшчэ выкарыстоўваецца мясцовымі жыхарамі.

Жонка Тамара Георгіеўна сустрэла мужа з рыбалкі і занялася гаспадарчымі клопатамі, а Леанід Іванавіч пачаў паказваць нам інструменты, якімі ён робіць човен. Іх пяць відаў. Гэта сякера, струг, капыл прамы і каленападобны, рубанак. Цяпер карыстаюцца і бензапілой, бо гэта паскарае працу. Удваіх можна нават за дзень зрабіць човен, а раней чыстай работы над ім было тыдні на два. Ніколі не карыстаюцца дубам, у які ўдарыла маланка, або з дуплом. Бацька Леаніда Швяца чаўны не рабіў, бо купіў адзін у майстра і карыстаўся 25 гадоў. Дзед, Нікіфар Максімавіч Ільеня, быў родам з Хваенска, дзе нарадзіўся і Леанід, і славіўся як выдатны цясляр і бондар. Яго рубанкі яшчэ служаць Леаніду ў працы. А яшчэ ўнук захоўвае дзедаў жак і сеткі — цяпер іх можна ўбачыць хіба што ў музеі. Вырабляў дзед і чаўны. Праўда, ад яго Лёня навучыцца не змог, асноўныя сакрэты па вырабе чоўна перадалі яму перароўскія майстры Віктар Якубовіч і Васіль Масло. Яны казалі, што для ходкасці чоўна ён павінен быць даўжынёй не менш за пяць метраў дваццаць сантыметраў. Калі карацейшы — будзе вёрткі. А шырыня — не меншая за 65 сантыметраў. Гэта без кары і абалоні (слой паміж стрыжнем і карой). Для чоўна вырубалі дзве лаўкі, паміж якімі павінная быць аднолькавая адлегласць.

Супраць цячэння човен ідзе непараўнальна лепш, чым лодка, у гэтым яго перавага. Мы ўпэўніліся ў гэтым, калі паехалі з Леанідам Іванавічам на Прыпяць і ён сеў у свой човен. Дарэчы, на беразе іх стаяла некалькі. Мясцовыя жанчыны расказалі, што мужыкі карыстаюцца яшчэ чаўнамі і цэняць іх значна вышэй за лодкі. Дубам тут называюць доўгія лодкі з дубовых дошак, а выдзеўбаныя з цэльнага ствала дуба — чаўнамі. Успаміналі, колькі рыбы лавілі раней у Прыпяці. Цяпер можна лавіць толькі на вуду, таму, жывучы ля ракі, людзі не заўсёды маюць рыбу ў харчаванні. Тут нерасціцца язь, лешч (на глыбіні вясла, не больш за метр). Часам ловіцца сом, судак, жэрах, шчупак. Калі б не забаранялі, браканьеры знішчылі б усе віды рыб, таму правільна, што дзяржава ахоўвае рыбнае багацце Прыпяці. Перароў якраз знаходзіцца на тэрыторыі Нацыянальнага парка «Прыпяцкі». І каму, як не жыхарам гэтай тэрыторыі, захоўваць даўнія рамёствы продкаў!

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?