Найбуйнейшы банк Германіі прагназуе, што праз тры гады еўра будзе каштаваць 0,95 долара, а Еўропа сутыкнецца з наймагутным адтокам капіталу ў гісторыі сусветных фінансавых рынкаў.

Да канца 2017 курс еўра да долара можа ўпершыню за больш чым дзесяць гадоў упасці ніжэй за парытэт і скласці 0,95 долара ЗША. Такі прагноз на днях апублікаваў нямецкі Deutsche Bank.

У тым, што ў бліжэйшыя два гады еўра працягне падаць у дачыненні да долара, сыходзяцца ўсе аўтарытэтныя еўрапейскія і амерыканскія банкі. Аднак прагноз найбуйнейшага банка Германіі на сённяшні дзень самы песімістычны з перш агучаных.

Аналітыкі брытанскага банка HSBC больш аптымістычныя, прадказваючы 1,19 долара за еўра да канца 2015 года. Іх калегі з Barclays лічаць, што курс знізіцца да 1,10. Амерыканцы з Morgan Stanley прадракаюць 1,14 долара за еўра ў 2015 годзе. Найбольш жа блізкі да меркавання Deutsche Bank прагноз экспертаў Goldman Sachs, якія лічаць, што да зімы 2017 абедзве валюты дасягнуць парытэту.

Нагадаем, што з пачатку года еўра страціў па адносінах да долара каля 6,5%. Максімум курсу назіраўся ў маі, калі за еўрапейскую валюту давалі 1,3953 амерыканскай, а мінімум быў дасягнуты на гэтым тыдні, 6 кастрычніка, склаўшы 1,2763 долара.

Папярэдняе падзенне курсу еўра адбылося ў 2000 годзе. Тады быў дасягнуты гістарычны мінімум у 0,83 долара. Аналітык Deutsche Bank Джордж Саравелас, які апублікаваў прагноз, лічыць, што цяперашняя сітуацыя абумоўлена эканамічнымі прычынамі.

На думку эксперта, курс падае ў першую чаргу таму, што ў ЕС ёсць лішак грашовай масы, прафіцыт гандлёвага балансу на суму 400 млрд долараў, і надзвычай нізкая крэдытная стаўка, якую падтрымлівае Еўрапейскі Цэнтрабанк — 0,05% для крэдытавання камерцыйных банкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?