У Расіі на паэта Аляксандра Быўшава завялі дзве крымінальныя справы па падазрэнні ў экстрэмізме з-за яго вершаў у падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.

Пра гэта Корреспондент.net паведаміў сам аўтар твораў.

У прыватнасці, у вершах ёсць такія радкі: «Мы – солдаты Степана Бандеры, что фашисты нам, что москали», «На всі підступності москальської банди, ответьте по-бандеровски, друзья: «Хай захлинуться кров'ю окупанти!»

Справы разглядаюць у родным пасёлку паэта Кромнах (Арлоўская вобласць), і на днях расследаванне працягнулі яшчэ на месяц. Быўшава падазраюць у экстрэмізме, у прыватнасці, у негатыўных выказваннях аб групе асоб па сацыяльнай і нацыянальнай прыкмеце, закліках да проціпраўных дзеянняў і распальвання міжнацыянальнай варожасці. Акрамя таго, пасля ўзбуджэння спраў паэта звольнілі з працы ў сельскай школе, дзе ён выкладаў нямецкую мову.

«Усяго Украіне і падзеям вакол яе я прысвяціў каля дзясятка вершаў, — распавёў паэт. — Справа ў тым, што ўва мне цячэ у тым ліку і ўкраінская кроў — мая мама (народжаная Кірыенка) нарадзілася пад Шчорсам Чарнігаўскай вобласці. Акрамя таго, я прывык заўсёды паступаць па сумленні, як мяне выхавалі бацькі, і не паддавацца масавай істэрыі, жыць сваім розумам».

Першую крымінальная справу завялі на паэта ў маі за верш «Украінскім патрыётам», які спачатку быў апублікаваны ў сетцы «Вконтакте», а пазней з'явіўся ва ўкраінскіх СМІ. А ў ліпені пракуратура адкрыла справу за тэкст «Украінскім паўстанцам».

Пры гэтым, паводле слоў падазраванага, маскоўская Гільдыя лінгвістаў па дакументацыйных і інфармацыйных спрэчках «Глэдзіс» не знайшла ў тэксце «Украінскіх патрыётаў» ніякіх прыкмет экстрэмізму. Але гэтыя вынікі мясцовая пракуратура не прызнала і прызначыла паўторную экспертызу. Пасля яе, 3 кастрычніка, верш прызналі экстрэмісцкім, а даследаванне экспертаў з «Глэдзіс» — неаб'ектыўным.

«Суд прыслухаўся не да думкі маскоўскіх спецыялістаў, сярод якіх было двое дактараў навук і адзін акадэмік, а да дзвюх маладых супрацоўніц ЭКЦ МУС Расіі, якія не маюць ніякіх вучоных званняў і навуковых прац», — распавёў Быўшаў. Ён дадаў, што адна з супрацоўніц займаецца падобнымі экспертызамі толькі з 2013 года.

У ходзе працэсу дом Быўшава абшукалі, а сам паэт пастаянна атрымлівае пагрозы ў сацсетках і па электроннай пошце.

Ён мае намер падаваць апеляцыі ў абласны і Вярхоўны суды, а калі гэта нічога не дасць, будзе звяртацца ў Еўрапейскі суд. Паводле новага закону аб экстрэмізме аўтару вершаў пагражае да чатырох гадоў турмы або астранамічны штраф. Быўшаў адзначыў, што палітычны складнік працэсу над ім відавочны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?