22 кастрычніка. Вядзе Пётра Садоўскі.
У працяг тэмы «Русскій мір і Беларускі сьвет» на «Моўнай сустрэчы» 22 кастрычніка пойдзе размова пра зьявы другаснасьці, звыклага некрытычнага запазычваньня ў беларускі моўны ўжытак з расейскага бытавога ды інтэлектуальнага асяродку сумніўных і часам заведама фальшывых «крылатых» ісьцін.
Некаторыя тэмы:
Кілбаса «Царская», салцісон «Крамлёўскі», шыя «Імператарская», сасіскі «Губернатарскія»…
Такія безгустоўныя крыкліва-пірамідальныя назвы перапаўзьлі з маскоўскіх «мясных радоў» на мінскую Камароўку. Нашы прылаўкі сталі таксама «радамі» і выдалі дадаткова сваю сьціплую,але ня меш ганаровую «антысавецкую» абойму: «Панская», «Шляхецкая», «Гаспадарская», «Хутарская» і нават … «Кулацкая».
- Нашы журналісты ўсьлед за расейскімі пачалі пісаць «Слова не верабей…». Трэба ж «як верабей» ці «што верабей»!
- Беларускія спартыўныя журналісты, трэнеры ды чыноўнікі ад спорту, паўтараючы расейскіх, пачалі сьцьвярджаць, што ў здаровым целе – здаровы дух, спасылаючыся на антычныя крыніцы. Але ж ніхто такога ніколі не гаварыў!
- У беларускім нарысе бачым загаловак: «З далёкіх вандровак вярнуўшыся», скалькаваны з расейскага «Из дальних странствий возвратясь», які зь некаторага часу стаў ў расейскіх СМІ рубрыкай для тэкстаў пра падарожжы. Але ж гэта – радок (пачатак) верша клясыка расейскай байкі Крылова, які называецца «Ілгун»! Там герой – што той Мюнгаўзэн…
Пачатак а 18.30.
Уваход вольны.
Арт Сядзіба, пр. Незалежнасьці, 58,
гандлёвы цэнтар «Маскоўска-Венскі» (наступны за ЦУМам).
4 паверх, пакой 430.





