Gazeta.ua
«Прэм'ер-міністр» самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Аляксандр Захарчанка абвясціў пра пачатак наступу «апалчэнцаў» на пазіцыі ўкраінскіх сілавікоў.
Паводле яго слоў, баявыя дзеянні адноўленыя ў сувязі з тым, што Кіеў не выконвае «рэжым цішыні» на ўсходзе Украіны.
«Рэжым цішыні выконваецца толькі намі. З пазаўчорашняга дня і мы пачалі адказваць. Учора і сёння стала цішэй», — заявіў Захарчанка.
Пры гэтым «прэм'ер» ДНР не выключыў пачатку цяжкіх баявых дзеянняў у сувязі з планамі «сепаратыстаў» вярнуць сабе кантроль над шэрагам гарадоў Данбаса. Па словах Захарчанкі, у іх ліку Краматорск, Марыупаль і Славянск.
«Краматорск, Марыупаль і Славянск — яны будуць нашы. Мы маем намер іх забраць, вярнуць сабе. Так што не выключаны яшчэ цяжкія баявыя дзеянні», — падкрэсліў ён.
У пачатку верасня паміж прадстаўнікамі самаабвешчаных «Данецкай» і «Луганскай народных рэспублік» з аднаго боку, і ўкраінскімі ўладамі - з другога, было складзена перамір'е. Акрамя таго, быў узгоднены план мірнага ўрэгулявання канфлікту. У прыватнасці, Кіеў прыняў законы аб асаблівым статусе часткі Данбаса і амністыі для «апалчэнцаў».





