У Барысаўскім дзяржаўным палітэхнічным каледжы завяршаецца этап прымусовай падпіскі на дзяржаўныя СМІ.

Колькі год запар «падпісная кампанія» ў гэтай дзяржаўнай установе мяне пасьпяхова абмінала. Дзе мог — даваў парады, як пазьбегнуць прымусовай падпіскі, дзе — проста спачуваў. Але зараз сытуацыя кранула і мяне. Я застаўся перад выбарам: альбо прынцыпова адстойваць пазыцыю, альбо здацца. Канечне, здавалася б, як проста сказаць «не», гледзячы ў вочы ідэолягу. Спыняе толькі адна акалічнасьць — гэта магу зрабіць толькі я адзін — астатнія прамаўчаць і заплацяць са свайго мізэрнага заробку дадаткова й маю суму…

Абсурднасьць сытуацыі палягае яшчэ й у тым, што адзін чалавек вымушаны здаваць грошы на газэту некалькі разоў: як сябра цыклавой камісіі плюс як просты служачы ў межах аднаго з падразьдзяленьняў каледжу. Да таго ж гэтыя выданьні выпісваюцца яшчэ й іхнімі сваякамі.

Лідзіруючыя пазыцыі па падпісцы займае, вядома ж, «СБ». Для «бедных» падразьдзяленьняў існуе дэмакратычны выбар: «СБ», мясцовае «Адзінства», «Звязда» і яшчэ парачку газэтак таньнейшых. Для выкладчыкаў таксама прадугледжана магчымасьць прымусова падпісацца на «Настаўніцкую газэту». І гэта пры тым, што пералічаныя выданьні можна свабодна ўзяць у каледжнай бібліятэцы (пры гэтым самі бібліятэкары прымусу таксама ня ўніклі).

Усе абураюцца, але далей за ціхае абмеркаваньне сярод «сваіх» справа не заходзіць: «усё роўна праўды не даб’емся, ды, крый божа, яшчэ ў няміласьць да начальства патрапім». Начальства быццам бы таксама не пры чым: «Нас таксама прымушаюць, даюць «зьверху» лічбы — « круціся як хочаш», — чуецца ад іх. Застаецца ім толькі ціха паспачуваць…

Антось Памяркоўны, Барысаў

Гэты тэкст дасланы праз рубрыку «Народныя навіны»
Дасылайце на [email protected] вашы фатаздымкі. Зьмяшчайце народныя навіны. Паведамляйце пра пільныя здарэньні на тэлефоны
(029) 707-73-29,
(029) 613-32-32,
(017) 284-73-29
Хай людзі вас пачуюць!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0