Люблю рок-музыку. Eat me, drink me! — крыху па-блюзьнерску выгукае Marilyn Manson. І ўвесь антураж гатычна-крывава-жудасны. Але ўсё гэта нібы. Усё гэта гульня, маскарад, шоў-бізнэс. Насамрэч, за лёкайскім саладжавым тварам можа хавацца сапраўднае д’ябэльства. Напрыклад.

Спаткаў у горадзе чалавека, зь якім даўно ня бачыліся, зайшлі кавы выпіць, а затым і па кілішку ўзялі. Кажа: раней калі чалавек па-беларуску гаворыць, міжволі адчуваў да яго прыхільнасьць. Але цяпер не, мова яшчэ ні пра што ня сьведчыць, кажа, пераканаўся на ўласным досьведзе.

Карацей, знаёмая аднойчы тэлефануе: стары чалавек, таленавіты, але самотны, варта павіншаваць з днём народзінаў, яму будзе прыемна. З часам было зусім кепска, але набыў букет бел-чырвона-белы, прыехаў, уручыў. Той пытаецца: а ці шмат зарабляеш? Кажу: ды не, часам бывае лепей, часам не. Бачу ня верыць: ты ж карціны прадаеш… Ды хіба з карцін пражывеш? Дзіўны які.

Сабраўся спаць, званок: сволач ты, сьвіньня, брэшаш ты ўсё! У цябе грошай куры не клююць! А хто ты такі?! Пэцкала бяздарнае! Прычым голас зусім цьвярозы і, зразумела, беларускамоўны. Няхай. А ў душы нават ня крыўда, не абурэньне, а немае зьдзіўленьне. Ён жа мне, кажа, гаварыў, што моліцца штодня, абавязкова раніцай, у абед і ўвечары. Навошта такія малітвы?! Я не малюся, але такога сьвінства ніколі не раблю, нават ворагам сваім. Але, калі яму заснуць лягчэй ад гэтага будзе, няхай, кажа мой знаёмы мастак, перажыву нейк.

Аднак, гісторыя не закончылася. Знаёмы паехаў за мяжу, спачатку згубіў у дарозе важную рэч, затым яго жорстка абакралі, і ён ледзь ня трапіў пад машыну… Мы зь ім замовілі яшчэ па кілішку. Ён працягваў: вярнуўся і сутыкнуўся раптам на вуліцы з гэтым самым чалавекам, такое ўражаньне, што ён чакаў мяне. Дарэмна спадзяваўся, што ён шкадаваў два тыдні пра свае словы, можа нават маліўся, дарэмна. Ён кінуўся на мяне на вачах ва ўсіх, людзі азіраліся на крыкі, на лаянку. А ён яшчэ мне крычыць чамусьці зьнячэўку: ты грэшны, ты грэшны! Прычым — на беларускай мове. Што ён — сьвятар?

Ведаеш, кажа, міжволі задумаешся аб тых, хто моліцца ў храме значна больш за іншых: большасьць, напэўна, гэта сапраўдныя адданыя вернікі, але сярод іх трапляюцца бадай таксама іншыя… Патэлефанаваў знаёмай, расказаў, а каму я яшчэ раскажу? Яна мне: ведаеш, варта схадзіць да ксяндза, у яго ёсьць экзарцысцкі пясочак… Вось табе маеш! Не было клопату. Зрэшты, кажа ён, я ксяндзам давяраю заўжды. А службай гэтай, здаецца, раней кіраваў сам Ёзаф Рацынгер...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?