Тадэвуш Кандрусевіч

Напярэдадні сьвята Божага Нараджэньня арцыбіскуп Менска‑Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч правёў прэс‑канфэрэнцыю, якія ўжо становяцца традыцыйнымі. У аўторак на сустрэчу прыйшло каля трох дзесяткаў журналістаў.

«Дзякуй СМІ за тое, што вы ўдзяляеце так многа ўвагі мне, такому маленькаму чалавеку. Такія сустрэчы патрэбныя як Касьцёлу, так і грамадзкасьці», — пачаў размову Тадэвуш Кандрусевіч.

Пасьля мітрапаліт каротка расказаў, чым займаўся на працягу апошняга месяцу пасьля інгрэсу.

«Быў у Рыме на кангрэсе, арганізаваным Папскай Радай. Тамсама адбылося маё спатканьне зь дзяржаўным сакратаром Ватыкану Тарчызіё Бэртоне, ён выказаў пажаданьне ў бліжэйшы час наведаць Беларусь. Пакуль яшчэ ня вызначаныя час і рамкі візыту. Калі такі візыт адбудзецца, то гэта будзе важна, як для Касьцёлу, так і для дзяржавы. Упершыню Беларусь наведае такі высокі чыноўнік з Ватыкану. На першую суботу сакавіка паспрабуем зладзіць тэлемост Менск — Ватыкан. Такое я ўжо рабіў двойчы, калі працаваў у Расеі».

Езьдзіць Тадэвуш Кандрусевіч і па Беларусі.

«Нядаўна пабываў у жодзінскай парафіі. Калі я вучыўся ва ўнівэрсытэце, то думаў, што ў Жодзіна ёсьць толькі БелАЗы. Аказалася, што ў гэтым горадзе таксама ёсьць цудоўны касьцёл і багата вернікаў. Прайшоў мой інгрэс і ў Магілёве, бо я адначасова зьяўляюся арцыбіскупам Менска‑Магілёўскім. Быў у Бабруйску, тамтэйшы касьцёл я асьвячаў 17 гадоў таму. Сёлета да мяне падышоў двухмэтровы маладзён, напэўна, баскетбаліст, які сказаў, што памятае, як тое асьвячэньне адбывалася, тады ён быў зусім малым. Гэты малады чалавек падужэў ня толькі фізычна, але і духоўна, як і ўмацаваліся ў веры шмат хто яшчэ зь месьцічаў. На мінулы ўік‑энд быў у Горадні. Ведаеце, я яшчэ толькі спасьцігаю дыяцэзію, тут для мяне шмат новых месцаў і новых задач», — адзначыў мітрапаліт.

Тадэвуш Кандрусевіч лічыць, што Касьцёл у Беларусі найперш мусіць быць беларускім, маецца на ўвазе мовы імшы. Разам з тым, ён ня мае нічога супраць, каб некаторыя набажэнствы адбываліся на іншых мовах. Што датычыць касьцёлу Сьвятога Язэпа, то «гэтае пытаньне ня вырашыць адным махам». Кандрусевіч кажа, што падымае гэтае пытаньне на сустрэчах з усімі прадстаўнікамі ўлады.

Перад сьвяточнай імшой у ноч на 25 сьнежня перад Катэдральным касьцёлам у Менску адбудзецца фаервэрк у гонар Божага Нараджэньня пад музыку Сэбасьцьяна Баха. Гэтую навінку мітрапаліт Кандрусевіч прывёз з Масквы. Трансьляваць сьвяточную імшу з Катэдру будзе Першы нацыянальны канал.

Зьміцер Панкавец

Заплянаваны цэлы шэраг калядных сустрэч Тадэвуша Кандрусевіча зь вернікамі:
  • 20 сьнежня — са сьвятарамі і кансэкраванымі асобамі, якія працуюць у архідыяцэзіі. Архікатэдральны касьцёл, пл. Свабоды, 9. Пачатак а 11:00.
  • 22 сьнежня — з выкладчыкамі, настаўнікамі і выхавацелямі. Касьцёл Сьвятых Сымона і Алены, вул. Савецкая, 15. Пачатак а 19:00.
  • 22 сьнежня — з моладзьдзю. Архікатэдральны касьцёл. Пачатак а 22:00.
  • 23 сьнежня — зь вязьнямі адной зь менскіх турмаў. Пачатак а 9:00.
  • 23 сьнежня — з мэдыцынскімі работнікамі. Касьцёл Сьвятога Роха, пр. Незалежнасьці, 44А. Пачатак 19:00.
  • 27 сьнежня — зь дзеячамі культуры. Архікатэдральны касьцёл. Пачатак а 18:30.
  • 28 сьнежня — з хворымі і мэдпэрсаналам. Менскі абласны клінічны шпіталь, пас. Лясны. Пачатак а 14:00.
  • 28 сьнежня — з малітоўнымі групамі і рэлігійнымі рухамі. Касьцёл Сьвятых Сымона і Алены. Пачатак а 19:00.
  • 29 сьнежня — зь дзецьмі. Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля, вул. Пляханава, 28‑1.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0