У Гістарычным музэі будзе выстаўлены пояс Вітаўта. Завяршэньне атрымала адна з самых гучных справаў апошняга часу, зьвязаная з нацыянальным скарбам.

Са студзеня ў Нацыянальным музэі гісторыі й культуры будзе адкрытая выстава «З крынiц адвечнай прыгажосьцi». На ёй, сярод іншых унікальных рарытэтаў з фондаў музэю, будзе прадстаўлены славуты «Пас Вітаўта». Гэты шэдэўр ювэлірнага мастацтва з Крыму быў знойдзены ў пачатку 1990-х пры раскопках ля вёскі Літва пад Маладэчнам.

Пас — падарунак хана Хаджы Гірэя вялікаму князю Вітаўту — датуецца ХIV ст. і складаецца з 11 срэбных, пазалачоных паясных бляхаў, адной срэбнай спражкі, аднаго срэбнага наканечніка ўсходнякрымскага паходжаньня.

Упершыню «пояс Вiтаўта» стаў ведамы навукоўцам у 1994 г. Яго з мэтай продажу прынёс у Нацыянальны музэй гiсторыi i культуры жыхар Крупак, былы вайсковец ды калекцыянэр з 20-ігадовым стажам Антон Грыбаў. Цікава, што пас быў занесены ў Дзяржаўны рэестар гісторыка культурных каштоўнасьцяў найвышэйшае катэгорыі і 11 гадоў знаходзіўся ў прыватных руках. Кіраўніком Дзяржаўнай інспекцыі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны быў у той час Дзьмітры Бубноўскі.

У лiстападзе 2005 г. Аўкцыённы дом «Paragis» паведаміў сэнсацыю: на таргi выстаўляецца пояс Вялiкага князя Лiтоўскага Вiтаўта Вялiкага, стартавая цана — 80 тыс. у.а.

Высьвятленьнем лёсам паса заняўся прафэсар кафедры археалёгii гiстарычнага факультэту БДУ Валянцiн Рабцэвiч. Ён пачаў высьвятляць рэальнае паходжаньне гэтага ўнікальнага артэфакту й абставіны ягонае «прыватызацыі». Згодна з адказам з Камітэту па ахове гістарычнай спадчыны, «камплект срэбранага пояса першай трэцi XV ст. знаходзiцца ва ўласнiка "Група СТС" з выкананьнем усiх неабходных ўмоў захоўвання, прадугледжаных Законам Рэспублiкi Беларусь «Аб ахове гiсторыка культурнiцкай спадчыны». Сп. Рабцэвіч высьветлiў, што скарб быў выпадкова знойдзены падчас работаў ля вёскi Лiтва Маладачанскага раёну. Увесь ён быў парасьцяганы. Куды патрапілі іншыя рэчы, невядома.

Высьвятлілася, што А. Грыбаў ужо здаў рэліквію ў вытворчае прадпрыемства «Саюзтэхсэрвіс». На момант продажу рэлiквiя была ацэненая экспэртамi ў 80 100 тыс. даляраў, а прыдбаў яго «Cаюзтэхсервіс» усяго за 5 тысячаў, хоць артыкул №70 Закону аб ахове гiсторыка культурнiцкай спадчыны забараняе «перадаваць (прадаваць, дарыць) матэрыяльныя каштоўнасьцi ва ўласнасьць цi карыстаньне замежным юрыдычным цi фiзiчным асобам». Але прадпрыемства «Саюзтэхсэрвіс» (пазьней «Група СТС», а сёньня ўжо проста «Группа»), што «купiла» нашую рэліквію — фiрма з цалкам расейскiм капiталам.

Пасьля быў суд. Унікальны срэбраны «Пас Вітаўта», ціха й незаўважна для грамадзтва, рашэньнем Вярхоўнага суду накіраваны ва ўласнасьць беларускай дзяржавы. Гэтак шэдэўр ювэлірнага мастацтва зноў мае заняць сваё пачэснае месца.

У студзеньскай экспазыцыі «З крынiц адвечнай прыгажосьцi» будуць таксама ўнікальныя манэты, рэчавыя скарбы, творы ювэлірнага й дэкаратыўна ужытковага мастацтва. Цяпер у гэтай беларускай скарбніцы зьберагаецца звыш за 350 тысячаў экспанатаў. Выстава будзе трываць больш за год.

Застаецца пакуль невядомым, куды падзеліся іншыя рэчы зь «Літоўскага скарбу»...

СХ

Глядзі яшчэ
Дзяржава канфіскавала «Пояс Вітаўта»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0