Творчую сустрэчу з пісьменнікам Уладзімірам Арловым не дазволілі правесці чыноўнікі ў горадзе Гарадок на Віцебшчыне. Яна была запланаваная на 20 снежня.

Падрабязнасці паведамляе нашая карэспандэнтка Ядвіга Сташэўская:

«Па дазвол на правядзенне мерапрыемства ў раённы аддзел культуры звярнулася ініцыятыўная група гарадоцкіх актывістаў. Сустрэча мусіла адбыцца ў адной з бібліятэк Гарадка.

Аднак была атрыманая адмова на падставе таго, што творчая сустрэча з пісьменнікам Арловым не ўваходзіць у планы ні аддзела культуры, ні мясцовых бібліятэк. У лісце з аддзела культуры спадару Арлову прапанавалі наведаць Гарадок на наступны год увосень і ўзяць удзел у запланаваным афіцыйным мерапрыемстве — «круглым стале».

Дарэчы, ініцыятараў творчай сустрэчы абразіла, што ліст з аддзела культуры быў напісаны на рускай мове, а прозвішча пісьменніка — з памылкай».

Як паведаміў адзін з удзельнікаў ініцыятыўнай групы Леанід Гаравы, творчая сустрэча з Арловым у Гарадку ўсё ж адбудзецца, але ўжо ў студзені. А дзеянні мясцовага аддзела культуры актывісты маюць намер абскардзіць на абласным узроўні.

Ядвіга Сташэўская, Эўрарадыё

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0