Злева направа: Ірына Моцная, Надзея Дударэнка і Алена Кашына. 

Сёння ў Мінску адбылася прэс-канферэнцыя Ірыны Моцнай і Надзеі Дударэнкі — дзвюх прыёмных маці, у якіх мясцовыя ўлады са скандалам адабралі прыёмных дзяцей.

Надзея Дударэнка. 

Гісторыі Надзеі Дударэнкі з Парычаў Светлагорскага раёна цягнецца ўжо два гады. Мясцовыя ўлады абвінавацілі яе ў непрыстасаванасці яе жытла для ўтрымання прыёмных дзяцей: нібыта ім не хапала пісьмовых сталоў, а падстаўка для зубных шчотак знаходзілася занадта высока. Сама Дударэнка кажа, што гэта помста чыноўнікаў за яе грамадскую актыўнасць пры спробе абараніць дзяцей ад настаўніцы, якія іх збівала ў школе.

Ірына Моцная дэманструе артыкул з мясцовай газеты, у якім яе скаргі ў Камітэт дзяржкантролю называюцца прычынай звальнення старшыні Клімавіцкага райвыканкама Віталя Грышанава.

У Ірыны Моцнай з Клімавічаў улетку гэтага года адабралі семярых дзяцей. Яе сям'я лічылася адной з лепшых у Клімавіцкім раёне. Аднак у чэрвені муж Ірыны нечакана скончыў жыццё самагубствам, і чыноўнікі, спасылаючыся на нібыта «нездаровую атмасферу» ў сям'і вырашылы закрыць дзіцячы дом сямейнага тыпу і адабралі дзяцей. Сама Ірына ўпэўненая, што гэта здарылася праз патрабаванне прывесці ў парадак жылы дом, які Моцныя атрымалі для дзіцячага дому. Праз скаргі Ірыны тады былі пакараныя многія чыноўнікі, а старшыню Клімавіцкага райвыканкама Віталя Грышанава знялі з пасады.

Цяпер на Ірыну Моцную завялі крымінальную справу па некалькіх артыкулах: ёй інкрымінуюць збіццё дзяцей. Аднак сама Ірына называе ўсё гэта непрыкрытай карупцыяй.

«Цяпер ідзе следства па крымінальнай справе супраць мяне. Я сама дала падпіску аб неразгалошанні таямніцы следства. Адначасова з гэтым я суджуся з Клімавіцкім гарвыканкамам. На папярэднім паседжанні суда мая адвакатка папрасіла прадстаўніцу выканкама Святлану Бузу пералічыць парушэнні, паводле якіх мяне пазбавілі апекі над дзяцьмі. Буза сказала, маўляў, усё ў дакументах следства. Мая адвакатка сказала, што вельмі добра знаёмая з матэрыяламі следства і там няма фактаў гэтых парушэнняў. Тады Буза проста адмовілася адказваць на гэтае пытанне.

Прыёмны сын Моцных Віталь быў нават узнагароджаны прэміяй Спецыяльнага фонду Лукашэнкі па падтрымцы адораных навучэнцаў. Акрамя гэтай узнагароды Ірына Моцная прывезла з сабою цэлы стос грамат, якія, па яе словах, сведчаць, што ў сям'і Моцных дзецям былі дадзеныя ўсе магчымасці для ўсебаковага развіцця. 

Але самае цікае здарылася на наступным паседжанні, што было літаральна тры дні таму. Падчас судовых спрэчак Буза пачала зачытваць матэрыялы следства. Тыя самыя, якія я абавязалася не разгалошваць распіскай. Гэта адбылося на адкрытым працэсе, у судовай зале былі староннія людзі… То бок сам Следчы камітэт разгалошвае гэтыя матэрыялы. Але калі судзя сказала дадаць гэтыя паперы да матэрыялаў судовай справы, Буза адмовілася. Відаць, зразумела, што яна зрабіла», — прывяла Моцная ў якасці ілюстрацыі сваіх словаў.

Алена Кашына. 

Юрыст Алена Кашына, якая займаецца такімі справамі, пацвердзіла, што выпадкаў, калі ўлады пачынаюць ціснуць на апекуноў за тое, што тыя абараняюць свае правы і правы прыёмных дзяцей, па ўсёй Беларусі вельмі многа:

«У гісторыі Ірыны, Надзеі і ў іншых выпадках працуе адна і тая ж схема: іх здымаюць з пасады апякуна без законных падстаў. Звярніце ўвагу: у Ірыны была шчаслівая сям'я, яна прадэманстравала нам кіпу грамат і падзяк. Але заява ў дачыненні сям'і Моцных паступіла 8 ліпеня, а 12 ліпеня райвыканкамам ужо прынята рашэнне забраць дзяцей. Нават у абавязаных асобаў так хутка дзяцей не забіраюць. То бок рашэнне прынятае без усялякага разбіральніцтва.

Я азнаёмілася з гэтым рашэннем. У самім рашэнні прыведзены адзін артыкул Кодэксу аб шлюбе і сям'і, а спасылаюцца яны на іншы. Рашэнне само састаўлена нядбайна, магчыма яно і прынята нядбайна?

Больш за тое, на сённяшні дзень праверка па справе Ірыны Моцнай не завершылася, аднак дзяцей паводле рашэння райвыканкама ў яе ўжо адабралі. Вядома, калі б спачатку была праверка, а на яе падставе — рашэнне, я б з ім нават пагадзілася, пакуль не вывучыла б ўсе дакументы. Але ў справе Моцнай парадак парушаны. У дадзеным выпадку ўся праверка будзе абгрунтоўваць рашэнне выканкама».

Кашына звярнула ўвагу, на тое, што праверкі прыёмных сем'яў праводзяцца знянацку, а акты праверак не паказваюць апекунам — гэта пазіцыя Міністэрства адукацыі.

«Аданак такім чынам у акце можна напісаць што заўгодна. І менавіта на такіх актах базуюцца ўсе рашэнні выканкамаў аб адабраннні дзяцей. Пакуль на такім акце няма подпісу асобы, якую правяраюць, ці адмовы ад подпісу, такі акт нельга лічыць законным. Мы доўга спрабавалі данесці гэта чыноўнікам, але рэзультатаў пакуль няма. У мяне ёсць подпіс Віктара Якжыка [намеснік міністра адукацыі — К.Х.], што так і павінна быць», — кажа Кашына.

Яшчэ аднак праблема — недарэчнасць заканадаўства, якое знаходзіцца ў «каменным веку».

«Ключавы прабел заканадаўства: апекуноў нельга звольніць. Можна толькі вызваліць ці адхіліць. Але вызваліць ад апякунства можна, калі дзіця вырасла, яго ўсынавілі ці вярнулі біялагічным сваякам. Калі ты не падыходзіш як супрацоўнік, цябе адхіляюць ад апякунства і далей ты не можаш быць ні апекуном, ні прыёмным бацькам.

Па-сутнасці, калі іх апекуноў звальняюць з працы, да іх прымяняюць і сямейна-прававую адказнасць. Прыклад — прыёмная сям'я Захарычаў. Ім інкрымінавалі прагул, калі апекуны з'ехалі, пакінуўшы дзяцей сваякам. У выніку абодвух апекуноў адхілілі ад апякунства, хоць толькі адзін з іх быў наняты аддзелам адукацыі і прагуляў працу. Пакажыце мне, дзе яны здзейснілі прадугледжаныя артыкулам 168 Кодэксу аб шлюбе і сям'і правапарушэнні, за якія адхіляюць ад апякунства?» — патлумачыла Алена Кашына.

Ірына Моцная і Надзея Дударэнка збіраюцца змагацца за сваіх дзяцей і далей разам з праваабаронцамі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру