У Беларусі пакуль не з'яўляюцца творы, паводле якіх было б цікава ставіць спектаклі, заявіў на прэс-канферэнцыі 17 лістапада ў Мінску дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Уладзімір Грыдзюшка.
Гэту тэму дырэктар закрануў, адказваючы на пытанне аб тым, чаму на міжнародным Калядным оперным форуме летась у Мінску амаль не гучала беларуская мова.
Паводле слоў Грыдзюшкі, «нацыянальны статус тэатра прадугледжвае наяўнасць у сённяшнім рэпертуары самых знакавых твораў замежнай, рускай класікі». «І, безумоўна, беларускай класікі, яна была, ёсць і будзе пры ўмове, калі будуць пісаць кампазітары, калі будуць лібрэтысты, якія будуць разглядаць гэта пытанне таксама», — сказаў ён.
«Калі штосьці новае з'явіцца, значыць, будзем пісаць, рабіць, асэнсоўваць. Ёсць у нас і «Сівая легенда» паводле Караткевіча, ёсць і «Дзікае паляванне караля Стаха», а больш, на жаль, няма. Пакуль не было нічога такога, што выклікала б вялікую цікавасць і ў нас, і ў пастаноўшчыкаў, і ў гледачоў. З'явіцца штосьці — створым.
Вось з'явілася выдатная музыка Уладзіміра Кузняцова, і стварыўся балет «Вітаўт». Ёсць вельмі шыкоўная музыка Глебава — хутка з'явіцца балет «Маленькі прынц», у хуткім часе на мастацкім савеце мы разгледзім сцэнічнае вырашэнне гэтага спектакля».
Грыдзюшка падкрэсліў, што тэатр праводзіць шмат іншых мерапрыемстваў, на якія запрашаюцца салісты — выхадцы з Беларусі, якія часта «спяваюць на беларускай мове ў тым ліку».
«У кожнага ёсць права спяваць на той мове, на якой ён жадае. Гвалтам мы займацца не будзем, калі б так адбылося, мы б нічога не атрымалі, акрамя як адарвання ад нашага тэатра і мастацтва»,
— лічыць ён.
Паводле ўмоў маючага адбыцца конкурсу вакалістаў, які ўпершыню пройдзе ў межах V Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму, сказаў дырэктар тэатра, удзельнікі вольныя выбраць, на якой з трох моў ім выконваць творы: беларускай, рускай ці італьянскай.
«Хто якую мову выбярэ, на такой і будзе спяваць. Я не выключаю таго, што хтосьці з нашых партнёраў за мяжой будзе спяваць на беларускай мове. Можа быць, гэта будуць балгары, можа, украінцы, у любым выпадку, умовы конкурсу гэта рабіць дазваляюць»,
— сказаў Грыдзюшка.





