Нарада ўрада, Нацбанка і старшыняў аблвыканкамаў 11 лістапада была прысвечаная сітуацыі ў эканоміцы ў наступным годзе, але пасярод яе Аляксандр Лукашэнка вырашыў вываліць «кампрамат»: «Некаторыя ў нас міністры дапрацаваліся да таго, што іх дзеці пастаянна жывуць у Злучаных Штатах Амерыкі і навучаюцца там, а яны рэфармуюць нашу сістэму адукацыі. Зразумела, што будзе ад гэтых рэформаў».
Сяргей Маскевіч.
Нічыё прозвішча ён у адкрытую не назваў, аднак пошукі па сацыяльных сетках хутка далі плён. Грамадскасць даведалася пра амерыканскую кар’еру Дзяніса Маскевіча, сына міністра адукацыі.
Неўзабаве адрэагавала і прэс-служба міністэрства: «Дзеці [Сяргея Маскевіча] ніколі не вучыліся ў ЗША. Яны атрымалі адукацыю ў Беларусі — у Гродне і Мінску».
Сам міністр прадказальна вырашыў адмаўчацца.
Публічная крытыка — не толькі нагода паразважаць, як зменіцца лёс Сяргея Маскевіча пасля словаў Лукашэнкі, але і ўзгадаць гісторыю ягонага жыцця.
Выпадковы дэпутат
Звычайна палітыкі маюць прыгожыя гісторыі прыходу да ўлады. Нехта марыў кіраваць краінай з дзяцінства, хтосьці сфармуляваў амбітныя мэты ў маладосці. Узлёт Сяргея Маскевіча на палітычны небасхіл быў не такім рамантычным, затое адметным, з улікам нацыянальнага каларыту.
Восень 2004 года. У Беларусі праходзіць рэферэндум, мэта якога — дазволіць Лукашэнку балатавацца на пасаду прэзідэнта без абмежавання па тэрмінах. Адначасова праводзіліся парламенцкія выбары.
У палаце прадстаўнікоў папярэдняга склікання некалькі дэпутатаў з «вертыкальнага спіса» перайшлі ў апазіцыю. Валерый Фралоў, Сяргей Скрабец і Уладзімір Парфяновіч нават аб’явілі галадоўку, патрабуючы зменаў у Выбарчы кодэкс.
Каб прэцэдэнт не паўтарыўся, у 2004 годзе складаць спіс «праўладных» кандыдатаў сталі больш уважліва. Удасканалілася і праца выбарчых камісій. Кожны чацвёрты абраны дэпутат, паводле выніковых пратаколаў, набраў 50,1—55% галасоў. Якраз дастаткова, каб лічыць сябе пераможцам першага тура.
Сістэма дала збой толькі двойчы. У Наваполацку мясцовыя жыхары не ацанілі сенатара і дырэктара мясцовага «Нафтазаводмантажа» Пятра Саламуху, яго давялося давыбіраць у другім туры.
А на адной з акругаў у Гродне пасля нечаканага зняцця з выбараў дзейнага дэпутата засталося двакандыдаты.
Прафсаюзніцы і настаўніцы англійскай мовы Людміле Сяўко супрацьстаяў выкладчык фізікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Валянцін Аскірка, прадстаўнік Грамады. На каго з іх «ставіла» ўлада? Дастаткова сказаць, што Сяўко наступныя восем гадоў адседзела ў савеце рэспублікі… Але чаму ж не ў палаце прадстаўнікоў, куды балатавалася? Выбары на гродзенскай акрузе не адбыліся, нікому з кандыдатаў не налічылі патрэбныя 50%.
Каб «нейтралізаваць» Аскірку, на перавыбары, якія адбыліся ў Гродне вясной 2005 года, улады адправілі… ягонага навуковага кіраўніка, рэктара ўніверсітэта Сяргея Маскевіча.
Знаёмыя Маскевіча кажуць, што той не хацеў парламенцкай кар’еры і прасіў пакінуць яго ў Гродне.
Другім патэнцыйным удзельнікам выбараў у якасці ўладнага кандыдата быў галоўны доктар Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы Святаслаў Савіцкі. Аднак кандыдатуру доктара вырашылі не выстаўляць. Сёлета імя Савіцкага ўзгадвалася ў сувязі з заведзенай крымінальнай справай за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі.
Сяргей Маскевіч і стаў апошнім дэпутатам палаты. Пачынаўся сталічны этап жыцця гродзенскага фізіка. Цікава, што першыя месяцы ён яшчэ катаўся ў Гродна, каб дачытваць лекцыі. Навука для Маскевіча заўсёды была на першым месцы.
Сяргей Аляксандравіч, сын Аляксея
Будучы доктар фізіка-матэматычных навук нарадзіўся ў звычайнай сялянскай сям’і ў вёсцы на поўдні Шчучынскага раёна. Асфальтаваная дарога да Быкаўкі так і не дайшла. І гэта галоўнае, пра што просяць нагадаць Маскевічу ягоныя землякі. У хаце сабралася з дзясятак старажылаў, якія пачынаюць узгадваць дзіцячыя гады чыноўніка.
Бацька міністра жыў у вёсцы ад нараджэння. Аляксей затрымаўся ў бабылях і ажаніўся толькі на пятым дзясятку, якраз пасля заканчэння Другой сусветнай. Жонку Лідзію ён сустрэў у адной з суседніх вёсак. Маладыя даволі доўга чакалі першае дзіця. Сяргей нарадзіўся ў 1953 годзе, услед за ім на свет з’явіўся Міхаіл, а пасля і трэці сын — Аляксандр.
Бацькі працавалі ў калгасе, ніхто і падумаць не мог, якіх вышыняў дасягне іх сын.
Калі Сяргей Маскевіч выбіўся ў людзі, аднавяскоўцы прачыталі ягоную біяграфію і не зразумелі, чаму ён «Аляксандравіч»? Выявілася, што ў знаёмага ўсім Аляксея ў метрыцы насамрэч было запісанае іншае імя.
Аляксандр-Аляксей быў рэзкім чалавекам, узгадваюць вяскоўцы і расказваюць паказальную гісторыю. Жонка набыла яму ў Шчучыне штаны, але не разлічыла з памерам. Тады ён проста абсек лішнюю даўжыню сякерай, так пасля і хадзіў на смех усёй вёсцы.
Бацька памёр, калі сыны былі яшчэ малымі. Маці гадавала іх адна. Яна пайшла з жыцця некалькі гадоў таму.
Хата Маскевічаў стаяла на водшыбе, на хутары. Дый браты асабліва не звязваліся з вясковай кампаніяй. Не пілі і не курылі, кажуць былыя суседзі. Нават на танцы не хадзілі! А калі пасвілі кароў, заўседы бралі з сабой кнігі.
«Ён можа раскрыцца толькі па-беларуску»
Базавую школу Сяргей скончыў у суседніх Балічах, а ў старэйшыя класы давялося хадзіць у Ракавічы. Калі ісці напрасткі, між вёскамі каля пяці кіламетраў. Але ўзімку дабрацца да школы было надзвычай складана, таму на некалькі месяцаў вучні сяліліся ў інтэрнаце каля школы.
Сёння Ракавіцкая школа-садок выглядае ідэальна дагледжанай. Перад уваходам стаіць вялізны слуп, які ўказвае адлегласць да буйных гарадоў — ад Шчучына да Токіа. На сценах — стэнды з інфармацыяй пра славутых выпускнікоў. Вядома ж, асобны прысвечаны асобе Сяргея Маскевіча.
Маскевіч пяты злева ў сярэднім шэрагу.
Дырэктар школы-садка Іван Пазняк не заспеў славутага земляка, затое вучыўся разам з жонкай міністра. Таццяна Трафімовіч нарадзілася ў адной з суседніх вёсак. Яна атрымала адукацыю педагога. Цікава, што брат Сяргея Міхаіл пабраўся шлюбам з сястрой Таццяны.
Дырэктар запрашае пагутарыць з Марыяй Пракаповіч (Шляхтун), якая выкладала Маскевічу беларускую мову і літаратуру. Будучы міністр быў здольным і сціплым вучнем, кажа яна. Праўда, медаль не атрымаў.
Як у Сяргея складваліся адносіны з беларускай мовай? «У нас жа так і не прышчапілася тая руская! Па-беларуску і ўсе прадметы ў школе, і між сабой… — уздыхае Марыя Уладзіміраўна. — Я на Маскевіча цяпер гляджу па тэлевізары і так шкада яго. Ён жа можа раскрыцца толькі па-беларуску!»
Падчас працы ў Гродне Маскевіч часцяком аддаваў прыярытэт роднай мове. «Універсітэцкія рады ён праводзіў па-беларуску. Размаўляў сам і для астатніх быў прыкладам», — прыгадваў прафесар Вячаслаў Швед.
«Я лічу, што двухмоўе — гэта абавязак кожнага грамадзяніна Беларусі ведаць беларускую мову і валодаць ёй. Гэта не права выбару адной з дзвюх моваў, а абавязак», — казаў сам Маскевіч.
Аднак палітычная кан’юнктура часам прымушае казаць адваротнае. У інтэрнэце згадваецца цытата Маскевіча наконт таго, што «чалавек, якому ўсе спецыяльныя тэрміны будуць выкладаць па-беларуску, сутыкнецца з праблемамі ў прафесійнай дзейнасці». Хоць ён сам вывучыў фізіку з матэматыкай пабеларуску і паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю.
Заслужаны фізік
У 1970 годзе, пасля заканчэння Ракавіцкай школы, Маскевіч паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы (будучы Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт). Ён адвучыўся, атрымаў чырвоны дыплом і пачаў займацца даследчай дзейнасцю. У навучальнай установе фізік затрымаўся на наступныя 30 гадоў за выняткам службы ў ракетных войсках стратэгічнага прызначэння.
Лабарант, старшы інжынер, старшы навуковы супрацоўнік, старшы выкладчык, дацэнт, прафесар, прарэктар… — на шляху да кіравання ўніверсітэтам Маскевіч прайшоў усе магчымыя прыступкі. Прычым не ў якасці вясельнага генерала, а як сапраўдны даследчык. У паслужным спісе дзясяткі навуковых публікацый, складанне падручнікаў і патэнты.
Непадрыхтаванага чытача назвы навуковых даследаванняў Маскевіча могуць спалохаць. Ягоная кандыдацкая дысертацыя называлася «Спектральна-люмінесцэнтныя ўласцівасці вытворных тыяміну, піравінаграднай кіслаты і іх комплексаў з іонамі двухвалентных металаў у растворах», а доктарская — «Спектраскапія гіганцкага камбінацыйнага рассейвання святла і структурная арганізацыя адсарбаваных на металічнай паверхні малекулярных сістэм».
Калегі-фізікі запэўніваюць, што Маскевіч — адзін з найлепшых фізікаў у Беларусі.
Палітычныя адлічэнні
Рэктарам ГрДУ ён стаў у 1997 годзе. Калегі кажуць, што з гэтай пасады Маскевіч меціў у міністры адукацыі яшчэ ў пачатку 2000-х, аднак Лукашэнка зрабіў выбар на карысць іншага рэктара: Аляксандр Радзькоў кіраваў Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам імя Аркадзя Куляшова.
За час знаходжання на пасадзе рэктара Маскевіч адзначыўся некалькімі палітычнымі адлічэннямі. Першакурсніка Яўгена Скрабутана і старэйшага на курс Алеся Курсевіча выключылі за графіці «Спыніць русіфікацыю!» і «Зубр».
«Адлічэннем займаўся ідэалагічны аддзел на чале з прарэктарам Таццянай Бадзюковай. Мой бацька хадзіў на прыём да Маскевіча, але з размовы вынікала, што рэктар ні пры чым і за ўсе рашэнні адказвае прарэктарка, — узгадвае Яўген Скрабутан. — Пазней часам сустракаў яго ў Гродне. Ён мяне пазнаваў, вітаўся, пытаўся пра мае справы… Можа, у дэмакратычнай краіне з Балонскім працэсам ён быў бы добрым рэктарам, але цяпер гэта звычайны закладнік сістэмы — марыянетка ў руках ідэалагічнага апарату, якая не можа мець уласнага меркавання і робіць усё па загадзе зверху».
Скрабутану ўдалося пасля шматлікіх скаргаў аднавіцца ва ўніверсітэце, але праз два гады яго адлічылі зноў, цяпер за каляндарыкі з выявай Аляксандра Мілінкевіча. Універсітэтам тады кіраваў ужо не Маскевіч, а ягоны наступнік Яўген Роўба.
Спецыяліст шырокага профілю
Як згадвалася вышэй, з пасады рэктара Маскевіч перабраўся ў парламент. Дэпутаты мусяць вызначыцца, у якой пастаяннай камісіі будуць працаваць. Маскевіч быў абраны апошнім, і ў камісію па адукацыі, культуры і навуцы на чале са старажылам парламента Уладзімірам Здановічам раней за яго паспелі запісацца ўжо дзесяць чалавек. Фізіку давялося займацца бюджэтам, фінансамі і падатковай палітыкай.
У парламенце наступнага склікання адукацыйную камісію зноў узначаліў Здановіч, а Маскевіч стаў кіраваць міжнароднымі справамі і сувязямі з СНД.
Цікава, што адным з магчымых кандыдатаў на пасаду міністра адукацыі ў 2010 годзе называўся менавіта Уладзімір Здановіч. Цяпер ён узначальвае ў міністэрстве Дэпартамент кантролю якасці адукацыі і падпарадкоўваецца Сяргею Маскевічу.
Без рэформаў
Дзейнасць Маскевіча на пасадзе міністра прынесла сістэме адукацыі пэўную стабільнасць. Мінуў час хаатычных рэформ Аляксандра Радзькова, калі доўга не маглі вызначыцца, колькі гадоў трэба вучыцца ў школе.
«Ламаць ужо, напэўна, не трэба нічога, але шліфаваць давядзецца», — даваў наказ Лукашэнка Маскевічу.
Новы міністр доўгі час абыходзіўся касметычнымі пераўтварэннямі. Пры ім скакаў прахадны бал на ЦТ, пасля тэракта ў мінскім метро быў закрыты жаночы інстытут «Энвіла» (там вучылася Яня Пачыцкая, якая прыходзіла ў госці да Канавалава і Кавалёва).
Заўважныя змены апошняга часу — перавод многіх спецыяльнасцяў на чатырохгадовы тэрмін навучання.
Амерыканскія сыны
Дзеці Маскевіча насамрэч засталіся ў ЗША.
Пра малодшага сына, Дзяніса, інфармацыі больш. Ён скончыў БДУ і нямецкі ўніверсітэт Мангейма, а пасля пераехаў у Амерыку. Бацька тады яшчэ быў рэктарам. «Гэта чалавек, які трапіў у ЗША сваім розумам, а не бацькавымі сувязямі», — пераконвае знаёмы братоў.
Дзяніс — спецыяліст у галіне праграмавання і вэбдызайну. Паводле рэзюмэ, апошнія паўтара года ён працуе ў кампаніі BloomReach.
Другі сын, Ігар, таксама жыве ў Амерыцы больш за 10 гадоў. Ён вучыўся ў Гродне і Мінску.
Жыццё на два гарады
Што будзе рабіць Сяргей Маскевіч у выпадку магчымай адстаўкі? Як мінімум да яго вяртання гатовыя ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце. Былыя калегі Маскевіча расказваюць, што ў лабараторыі дагэтуль за ім лічыцца свой стол і камп’ютар.
Побач сядзіць ягоны брат Аляксандр, таксама фізік. Ён выкладае і піша доктарскую дысертацыю. Праўда, унёсак Аляксандра ў навуку значна меншы, чым у старэйшага брата, прызнаюцца калегі.
На выпадак вяртання фізік пакінуў сабе і жыллё ў Гродне.
Кватэру на праспекце Кляцкова Маскевіч калісьці атрымаў ад універсітэта. Калі пайшла гаворка пра магчымы перавод усяго непрыватызаванага жылля ў дзяржаўны арэндны фонд, міністр вырашыў усё ж разлічыцца за кватэру. Трохпакаёўку ацанілі ў 45 мільёнаў рублёў, гэтыя грошы давядзецца выплаціць за 40 гадоў.
Дзякуючы статусу дэпутата, Маскевіч змог стаць у чаргу на будаўніцтва жылля і ў Мінску. Ён пабудаваў двухпакаёўку ў сталічным раёне Сухарава.
А на першую гадавіну знаходжання на пасадзе міністра Маскевіч атрымаў царскі падарунак — надзел пад будаўніцтва ў Вяснінцы.
Кадастравы кошт 13 сотак элітнай зямлі дасягае $240 тысяч, рынкавая цана можа даходзіць да $1 мільёна.
«Няправільна гэта. Хата тут стаіць, хай бы браў і апрацоўваў зямлю, калі яму трэба», — перакананы вясковы стараста ў Быкаўцы. «А ў каго ва ўрадзе няма? Калі ў іншых ёсць, то і ў Маскевіча хай будзе!» — абараняе міністра вясковая настаўніца. Яе заробак, дарэчы, складае 3 мільёны рублёў.
***
Сяргей Маскевіч
Нарадзіўся 1 жніўня 1953 года ў вёсцы Быкаўка Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Скончыў Гродзенскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Янкі Купалы (1974), працаваў у ім у 1974—2005. У 1997—2005 быў рэктарам універсітэта. Дэпутат палаты прадстаўнікоў (2005—2012), міністр адукацыі (з 2010). Кандыдат (1983) і доктар (1996) фізікаматэматычных навук. Жанаты, мае двух сыноў.





