Пасля абвалу расійскага рубля беларусы набываюць там тэхніку і новыя аўто.

Беларускія аўтарынкі стаяць паўпустыя. Праз абвал расійскага рубля цэны ва ўсходняй краіне­-суседцы сталі больш прывабнымі. Першыя купцы аўтамабіляў пацягнуліся ў Расію яшчэ ў пачатку года, цяпер выгада яшчэ большая.

У Расіі даляр каштуе 46 рублёў, гэта на траціну менш, чым улетку. А вось цэны не паспелі вырасці так хутка.

Пачнем з танных мадэляў. Новая мадэль «Рэно Сандэра» з рухавіком 1,6 у камплектацыі «камфорт» (без бартавога камп’ютара і падагрэву крэслаў) каштуе ў Мінску $11 тысяч, і гэта з улікам акцыі.

Такі самы аўтамабіль каштуе ў Маскве $9500, але расейцам даступная і яшчэ больш простая камплектацыя. За яе давядзецца аддаць $8500. Зборка, вядома ж, расійская.

Чым аўтамабіль даражэйшы, тым розніца ў цане большая. Напрыклад, новы «Фальксваген Пасат» — легендарная машына для беларусаў — каштуе ў Расіі ад $21 тысячы. У нашай краіне мінімальны цэннік стаіць на ўзроўні $33 500.

На машынах прэміум­-класа ашчадзіць яшчэ прасцей. BMW X6 на ўсходзе каштуе $64 тысячы, а ў Беларусі — $88 тысяч. На розніцу можна набыць яшчэ адно новае аўто!

Некаторыя беларускія дылеры, якія спецыялізуюцца на продажах машын, сабраных у Расіі, па змаўчанні ўказваюць цэны ў расійскіх рублях. Напрыклад, «Таёта Камры» ў абедзвюх краінах каштуе каля $21 тысячы (каля 1 мільёна расійскіх рублёў). У такой сітуацыі ашчадзіць не ўдасца.

Беларусы, якія спрабавалі набыць дарагі тавар — асабліва аўто — у Расіі, часцяком сутыкаліся з падманам. У дамовах у апошні момант узнікаюць пункты пра дадатковыя камісійныя плацяжы альбо высвятляецца, што машыны па раней указанай цане больш няма. З такімі выпадкамі купцы сутыкаюцца штодня, і вельмі рэдка ўдаецца выйсці з непрыемнай сітуацыі без грашовых стратаў.

Што да былых у выкарыстанні аўтамабіляў, то розніца ў цане таксама агромністая. Але і перспектыва сустрэць махляроў узрастае яшчэ больш.

Беларусы едуць у Расію і па тэхніку. Дый не толькі беларусы — новыя «айфоны» ў Маскве таннейшыя, чым ва ўсіх іншых краінах свету! Рэч у тым, што Apple не змяняе сваіх цэнаў у залежнасці ад ваганняў курсаў.

У выніку iPhone 6 прадаецца ў расійскіх салонах па $680. Напрыклад, у Польшчы афіцыйная цана — $885. Пры куплі ў Еўрасаюзе частку грошай можна вярнуць па сістэме такс­-фры, аднак усё адно расійская прапанова больш выгадная. Для параўнання, у беларускіх інтэрнэт­-крамах такі самы iPhone 6 (прыцягнуты з Расіі ці Еўропы) каштуе $835.

Цэны на лёгкі ноўтбук MacBook Air 13’ ад той жа кампаніі Apple у Расіі, Польшчы (з улікам вяртання такс-­фры), а таксама ў інтэрнэт­-крамах Беларусі выглядаюць наступным чынам: $880 — $1050 — $1100 адпаведна.

Іншыя вытворцы і прадаўцы хутчэй адгукаюцца на сітуацыю на фінансавым рынку. Напрыклад, тэлевізар LG47LB650V з магчымасцю прагляду 3D можна набыць у Расіі за $575. Такая ж цана і ў Польшчы з улікам поўнага вяртання ватаў. У беларускіх інтэрнэт­-крамах давядзецца заплаціць на $100 больш.

Люстэркавы фотаапарат Canon EOS 1100D без аб’ектыва ў Маскве можна набыць за $230. У Польшчы за яго просяць $310, у Мінску такі ж каштуе $330.

«Старыя» цэны пратрымаюцца яшчэ некалькі месяцаў, пакуль расійскія крамы не распрададуць тавар, закуплены па ранейшым курсе. Аднак пераднавагодні ажыятаж вымые з рынку самыя выгадныя прапановы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?