Нядаўна пабачыла свет аповесць маладога аўтара Андрэя Лазуткіна «Палігон». Анатацыя, у якой твор патасна названы першай ластаўкай дызель-панка на айчынным цнатлівым небасхіле, а сам аўтар новым гучным прозвішчам ў нашай літаратуры, настроіла на ўважлівае чытанне.

Твор мае 2 сюжэтныя лініі – жыццё Беларусі пасля заканчэння ІІ Суветнай вайны перамогай ІІІ Рэйху (альтэрнатыўны пагляд), а таксама прыгоды маладых студэнтаў сталічнай ВНУ у Беларусі нашага часу. Прапаную вашае ўвазе некалькі акцэнтаў:

 

Пра сюжэт

Напачатку адзначым, што аўтар анатацыі пайшоў на свядомы падман чытача называючы твор новым словам у літаратуры. Чаму? Ці проста па няведанні гісторыі літатартуры, ці праз свядомае жаданне дадаць ажыятажу. А тым часам сам сп. Лазуткін у сваёй альтэрнатыўнай гісторыі Беларусі рушыў простым шляхам, пратаптаным яшчэ класікам беларускай савецкай літаратуры Макарам Паслядовічам, – абагуліў усё беларускае з нямецкім нацыянал-сацыялізмам і выдаў нам рэмэйк «Па воўчых сцежках» – з п’янымі паліцаямі, злачыннай Радай Астроўскага, бандыцкай «Самааховай». Негатыў распаўсюджваецца і на Беларускую Цэнтральную Раду, і на ўсё, што неяк звязана з ёй. Некалькі цытатаў:

«…годами работать на всю эту сволочь, что сидит на постах в Раде».

«Я ненавижу нашу поганую власть»

«Зачем нам связываться с Радой? Эти люди хуже фашистов»

Апафеозам такога прыроўнівання беларускасці да фашызму ёсць вось гэты фрагмент:

«Колючие глазки следователя чуть теплеют:

- Хайль Гитлер!

- Жыве! – сгибаю руку в вялом приветствии.»

Дастаецца нават уніяцкай царкве – якая ў альтэрнатыўнай гісторыі Лазуткіна прылічыла да святых Кубэ.

Галоўнае, нават не гэта, а тое, што сп. Лазуткін не абцяжарвае сябе прапановай адказу ў чым жа палягае кепства і злачыннасць усіх гэтых органаў і структураў? Тлумачэнняў няма, ёсць толькі беспадстаўныя поўхі – класіка савецкага агітпропу.

Карацей, усяе бурлівае фантазіі маладой надзеі рускай літаратуры ў Беларусі хапае на развіццё тэмы «што было б калі б НАШЫЯ ў 1945-ым не перамаглі». Таму, чытаючы «Палігон» будзьце гатовыя напоўніцу насалодзіцца няўежнымі савецкімі штампамі. Што праўда, напрыканцы 4 раздзелу, аўтар робіць адступленне ў рэальнасць і гаворыць пра тое, што хацеў напісаць пра «эдакую «фашысцкую Белоруссию», адначасова прызнаючыся, што «не был историком, не знал деталей о войне и оккупации, мне была не интересна зажёванная советской прозой тема партизан и полицаев». Асобна адзначае, што чытаў пра вайну з савецкай літаратауры з якой «вовсю пёрли штампы». Гэта нібы пакідае надзею, што тут мы гэтых штампаў не сустрэнем, але не – на кожнай старонцы адно і тое ж – пра брудных, п’яных, прадажных ворагаў савецкай Беларусі – нацыяналістаў і паліцаеў.

Пры гэтым аўтар альтэрнатыўнай гісторыі ніводным (!) словам не гаворыць пра БССР да вайны – ні слова пра тое, чым былі 20-ыя і 30-ыя для Беларусі ў складзе СССР. Чаму? Відаць таму, што нават альтэрнатыўная гісторыя ў таварыша Лазуткіна падцэнзурная ўнутранаму бальшавіцкаму рэдактару.

Другая лінія аповесці не менш цікавая – п’янкі кампаніі гопнікаў па здымных кватэрках ды іхнае бадзянне па краіне і недалёкім замежжы – з адной відавочнай мэтай – пакрытыкаваць і павыкрываць: «гнилой народ – немчиков», «скучный Вильнюс, где можно умереть от скуки», «бандеровский Львов».

Беспрасветная алкагольная муць з нясмешнымі байкамі недалёкіх сябручкоў героя ў перамежку з квазіфіласоўскімі высновамі аўтара – гэта рэальнасць «Палігона».

Дарэчы, буйны спецыяліст у пытаннях ІІ Сусветнай не пакідае каменя на камені і ад нашае сучаснай жыткі – дастаецца ад знаўцы грамадска-палітычнага жыцця беларускай апазіцыі. Мала тоаго, што наведаны ім мітынг з нагоды Дня Волі выглядае «довольно уныло», дык і «бабы в любых политических тусовках, как правило, страшные».Паступова робіцца відавочным, што магістральнай мэтай бадзянняў галоўнага героя ёсць не класічны пошук свайго месца ў свеце, а просты пошук скандалаў і крыніцаў для таннага самапіяру.

Найбольш яскрава правакатыўны рэвалюцыянерскі характар галоўнага героя раскрываецца ў эпізодзе з Днём Волі, калі пасля шэсця – дзе ўсё было кепска, ён пайшоў на канцэрт нацбола Селіванава, дзе ізноў было ўсё не так, але паколькі хацелася скандалу –вынаходлівы аўтар прапанаваў яшчэ і распісацца нацбальшавіку на ўлётцы БХД, падхопленай ад страшнай дзяўчыны на мітынгу апазіцыі. Паколькі чаканага вэрхалу не адбылося – выпілі (як звычайна) і усё. Дарэчы, п’янка ізноў галоўная падзея дня.

 

Пра мову 

Анонс не падмануў – з першых старонак той самы заяўлены панк адкрыўся напоўніцу: пачаў брудна лаяцца, харкацца і ўсяляк руйнаваць устоі цывілізацыі таннымі жартачкамі з басяцкага асяродку. Смех смехам, але такой колькасці вульгарызмаў і жаргонных словаў, што сустракаеюцца ў «Палігоне» не сустрэць нідзе акрамя трэцягатункавых расійскіх серыялаў пра мянтоў і бандзюкоў. Блатны жаргон перанасычае дыялогі герояў і словы аўтара без аніякай эстэтычнай матываванасці: у Лазуткіна на яго ўлюбёнай фені гавораць паліцаі і партызаны, немцы і тубыльцы, студэнты і вяскоўцы, сам аўтар і яго сябры-студэнты. Прычым, гэта не гутарковыя абароты, а менавіта зонаўскі слэнг – «мусарнуться», «харя», «мурло», «порожняк», «взять за жабры». Зашкальвае колькасць «хреней», «рожнов», «бырла» і інш.

Некаторыя дзеясловы ніводнага разу (!) не выкарыстоўваюцца ў нармальнай форме, а толькі і выключна ў жаргоннай. У «Палігоне» нельга сустрэць форму «есть» – толькі «жрать», не «идти» – толькі «мотаться», «валить» і г.д. Усё гэтае моўнае панкаўскае красамоўства дадаецца ўсялякімі «ваще» и «чё», якія канчаткова ахутваюць чытача чадам дызельных выхлапаў. Калі спачатку гэта ўсё проста муляе вока, то далей пачынае злаваць і выклікаць ваніты, бо апроч хваравітага захаплення лексікай люмпенаў і крымінальнікаў аўтар пактуе на банальную адсутнасць слоўнікавага запасу.

 

Пра вобраз Беларусі, беларусаў і суседзяў

Найперш варта адзначыць, што твор прынцыпова рускамоўны. Чаму? Таму што аўтар думае і гаворыць на рускай не проста так, але ў супрацьвагу беларускай. Беларуская мова ў аповесці ёсць, але на ёй гавораць толькі і выключна адмоўныя персанажы – ці скончаныя паскуды, ці вартыя жалю недарэкі. Гэтыя асобныя рэплікі становяцца своеасаблівай разынкай, якая падкрэслівае дэфініцыю «свае-чужыя». Свае – рускамоўныя (чытай разумныя, з крытычным мысленнем і наборам джэнтэльменскіх якасцяў), а тыя, беларускамоўныя – нягеглыя месцічы, зладзеякаватыя паліцаі, вясковыя дурні, выжылыя з розуму бабулькі. Гэты падзел па моўнай прыкмеце набывае маштаб цалкавітага адмаўлення прыналежнасці да беларускага этнасу, калі сп. Лазуткін вуснамі аўтара канстатуе: «В белорусском фольклоре полешуки – это что-то вроде чукчей.» Заўважце не ў нашым (беларускім), а ў іхнім беларускім. Асобна дадаецца непрыхаваны негатыў у адносінах да простых людзей – усе спрэс механізатары, усе пахнуць гаўном і саляркай. На дыскатэку герой сп. Лазуткіна да іх ідзе «слиться с народными массами и подрыгаться». Да кепскага абарыгеннага насельніцтва дадаецца гэтакае ж наваколле: Палессе – аднастайнае, Баранавічы – сумныя,

Дастаецца не толькі беларусам, якія спрэс ці недарэкі ці фашысты, але і літоўцам: нават Вільня для аўтара – «ні пра што»: «там нечего делать, в этом Вільнюсе. За девять дней можно залезть от тоскі на стенку». «…вокзал напомінает Гомель, да и вообще – белорусскую провинцию, то ли Борисов, то ли Барановичи. Из репродукторов льется неразборчивая литовская речь»… – а што любая іншая мова, якой не валодаеш – разборлівая? І як тады яна ліецца, калі яна такая неразборлівая»? – лухта на лухце. Далей яшчэ горш: «Разрисованные бетонные заборы, недостроенное и заброшенное здание, ржавые опоры ЛЭП… Где же исторический центр? Вдоль дороги – бараки, натурального послевоенного вида, проваленные крыши, выбитые окна… Боже, какая невероятная дичь… Разбирает смех». Зларадства – што ў банку пэрсанал «нормально говорит по-русски». Праз старонку аўтар нахабна сыходзіць на адкрытую знявагу суседзяў і іх найноўшай гісторыі: «Вдалеке здание телебашни. На заре литовской независимости там были непонятные пострелушки…» – стыль абасалютна ў духу Азаронкаўскіх «Дзяцей ілжы» ці нядаўна звольненага з БТ рэпарцёра Новікава.

Падобным чынам характарызуецца і Варшава, «гнилое небо» якой пратыкае чырвоны шпіль сталінскай высоткі, і Львоў, дзе на Лічакіўскіх могілках ляжыць «недобітая шляхта», а таксама «полицаи, предатели и изменники из наших учебников»…

Не дзіўна, што паступова з «рускасці» аўтар пачынае спабівацца і на «савецкасць». Усе савецкія для аўтара – нашыя. Нашыя падводнікі, нашыя падпольшчыкі, нашыя партызаны – нават калі размова пра баі за Кенігсберг… 20-гадовы пісьменнік відавочна ад першай асобы балюча настульгуе па Саўку. Гэтая настальгія, праўда, толькі на першы погляд з’яўляецца нечым дзіўным – чалавеку, які ў самае што ні на ёсьць нашай рэальнасці ў сваім рэзюмэ мае пасаду адказнага сакратара Камуністычнай партыі Беларусі – той самай, якая носіць кветкі пад бюст Сталіна на аднайменную лінію, сам (Маркс, Ленін?) загадаў быць цімураўцам XXI cт.

Бліжэй да заканчэння аповесці ў тэксце ўсплывае і «Белоруссия», і Курская дуга, і Ракасоўскі і Дірглевангер, і Ярузэльскі «в принципе, неплохой мужик, если подумать»… Калейдаскоп блытаных фактаў пачынае круціцца ўсё хутчэй. Аўтар відавочна стамляецца ад твору і шукае варыянты хутчэйшага яго заканчэння, пры гэтым стараецца напоўніцу накарміць чытача незвязанымі міжсобку паасобнымі фактамі, показкамі, байкамі з уласнага стракатага досведу і безсістэмнай начытанасці…

Улічваючы аўтарскую стамлёнасць уласным творам, падаецца залішнім працягваць разбор палётаў яго пакручастай думкі над «Палігонам» – тым больш, што збольшага карціна зразумелая. Адзінае, што пакідае пытанне, чаму гэты па сваёй сутнасці антыбеларускі твор знаходзіць падтрымку і пратэкцыю сярод некаторых літаратараў? Хаця і гэтае пытанне – рытарычнае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?