Аляксандр Мяцеліца з жонкай і дачкой.

Аляксандр Мяцеліца з жонкай і дачкой.

Аляксандр Мяцеліца, заснавальнік беларускай сацсеткі Vseti.by, якая нядаўна збанкрутавала, заяўляе, што журналісты радыё «Свабода» перакруцілі яго выказванні і зрабілі з яго ватніка. «Я планую звярнуцца да юрыстаў», — паведаміў ён «Нашай Ніве».

Мы прапанавалі яму расказаць пра свае погляды, каб чытачы маглі самі разабрацца.

Пра Украіну

«Наваросія» – Мяцеліца так называе ўсход Украіны – «гэта ў прынцыпе ўнікальны рэгіён, які прасякнуты рускай культурай. Напружанне ва Украіне наспявала даўно, асабліва ў Крыме.

Незалежнасць Украіны не прынесла людзям шчасця. Можна казаць пра захаванне цэласнасці дзяржавы, але што такое дзяржава? – разважае Мяцеліца. — Гэта абстрактнае паняцце. Дзяржава – гэта народ, і трэба, каб народу было добра. Калі народ гіне, то дзеля чаго тады тая цэласнасць? Думайце самі, ці варта плаціць такую цану за гэтую цэласнасць», — лічыць Мяцеліца.

«А ў рускіх жа, акрамя бяскрыўдных жартаў пра сала, няма ніякай антыўкраінскай агрэсіі», — мяркуе ён.

«Вось, кажуць, крымскі рэферэндум прайшоў пад аўтаматамі «ветлівых людзей». Але ж рэферэндум у Данецку прайшоў пад аўтаматамі украінскіх вайскоўцаў», — кажа Мяцеліца.

(У рэальнасці, Украіна не кантралюе ДНР і не кантралявала яго ў часе рэферэндуму.)

Пра Расію і біпалярны свет

«Мы, украінцы і расейцы – братнія народы, хоць краіны розныя. Не трэба кідацца ў крайнасці, абсалютная інтэграцыя паміж намі будзе ўжо лішняй, але, выбіраючы паміж Расіяй і Захадам, нельга адыходзіць ад нашага славянскага суседа. Зараз у нас біпалярны свет – на адным полюсе славяне, на другім – Захад. І ўсё, што ідзе на карысць аб’яднанню славян, трэба падтрымліваць. Інакш нас праглыне Захад, са сваёй культурай і каштоўнасцямі, якія чужыя для нас і прывядуць да нашага вымірання», — сцвярджае Мяцеліца. На яго думку, наша частка планеты не можа жыць паводле заходніх стандартаў у прынцыпе. А паводле расійскіх?

«Так, цяпер у Беларусі ідуць справы лепш, чым у Расіі. Але ўсё роўна не трэба адварочвацца ад яе, трэба дапамагаць адно аднаму. Трэба трымацца разам».

Мяцеліца негатыўна ацэньвае Захад: «Напрыклад, мой знаёмы сацыяльны работнік вельмі занепакоены ўкараненнем заходніх ювенальных тэхналогій у нашую бытнасць. Ранняе палавое выхаванне, аднаполыя шлюбы — гэта ўсё наогул супярэчыць асновам нашай культуры. Супраць гэтага нават самі еўрапейцы выступаюць, толькі там ужо позна».

Пра Беларусь

«Я хачу, каб Беларусь была Беларуссю. Калі рускія проста так прыйдуць, то гэтага нам не трэба. Але калі гвалтоўна зменіцца ўлада і ўсё пачне разбурацца, я не супраць, каб Расія ўвяла войскі ў Беларусь. Бо, калі сённяшняя вертыкаль улады рухне, ціха ўжо не будзе, — прагназуе Мяцеліца. — Пачнецца хаос. Я трохі ведаю апазіцыйную кухню. І аніякай свабоды і дэмакратыі там няма, хіба толькі на паперы. У нас ёсць рэальная апазіцыя, якая хоча канструктыўна крытыкаваць уладу, але з-за таго, што яе пастаянна напампоўваюць неадэкватнымі асобамі, яна выглядае дзіўна і аддаляеца ад звычайных простых людзей, наносячы шкоду ўсім. Гэта як калі вы з жонкай пасварыцеся, а «добры сусед» ёй футра падорыць, супакоіць. Добры чалавек ці не? Не вельмі, напэўна. Самі бы разабраліся, а так толькі горш».

Пра беларускую мову

«Я стаўлюся да мовы нармальна. Гэта нашая спадчына, нацыянальны здабытак. Але мне не падабаецца, што яе палітызуюць: гаварыш на мове, то беларус, а не – дык рускі, едзь адсюль. Гэта дрэнна, гэта расколвае краіну, такога не павінна быць. Што ж тычыцца беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, то гэтага я ўсё ж не падтрымаю. Бо я размаўляю на рускай, думаю на рускай, тры пакалення маіх продкаў таксама размаўлялі па-руску. Так гістарычна склалася, што для мяне матчына мова — руская, я адкрыта кажу пра гэта».

Пра ўладу

«Я задаволены амаль усім, што робіць сённяшняя беларуская ўлада. Цяпер Мінск — сапраўдны еўрапейскі горад. Тут добра, утульна і чыста. Рускія, калі прыязджаюць сюды, кажуць, што ў Беларусі не горш, чым у Еўропе, — сцвярджае Мяцеліца. — Што тычыцца нязменнасці ўлады, то падумайце, колькі трэба часу, каб у краіне нешта глабальна зрабіць і змяніць. Пастаянна мяняць прэзідэнта — гэта як мяняць дырэктара завода кожны тыдзень. Дэмакратыя — гэта, канечне, добра на першы погляд, усе нiбыта «ў руля». Але пры сенняшнім ўзроўні развіцця і адукацыі людзей яны будуць выбіраць тое, што прапануюць ім СМІ. А СМІ напішуць тое, што скажа іх уладальнік ці хто больш заплаціць», — так Мяцеліца ацэньвае палітычную свядомасць беларусаў.

«Я лiчу, што грамадствам павінны кіраваць прафесіяналы, — кажа Мяцеліца. — У ведыйскай культуры, напрыклад, гэта былі аскетічныя мудрацы, якія адным сваім ладам жыцця паказвалі, што гармонія для іх найперш, чым асабістае багацце. Чым менш чалавек хоча для сябе — тым больш яму можна даверыць ўлады і гэта не будзе на шкоду, гэта я ведаю як адмін сацыяльнай сеткi. А не як цяпер, «слугі народа» ездзяць на «Туарэгах», — крытыкуе Мяцеліца. — Як з цяперашняга становішча выйсці, я не ведаю, я не палітолаг. Ведаю адно, рэвалюцыя — гэта не выйсце».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?