Давайце і я пабуду герменеўтам Лукашэнкі. І так, перад намі дэльфійская загадка: «Ненавіджу нацыяналістаў. Але бываюць і нацыяналісты ў добрым сэнсе слова». Дык што гэта значыць?

Тое, што Лукашэнка заявіў у першай частцы выказвання, што «ненавідзіць нацыяналістаў» ніякай канкрэтнай інфармацыі пра яго стаўленне да магчымай беларусізацыі не нясе. Ані пазітыўнай, ані негатыўнай. У Польшчы ледзь не ўсе асноўныя палітыкі дэкларуюць непрыязь на нацыяналізму. У многіх колах заходнееўрапейскіх інтэлектуалаў праявай добрага тону ёсць скрывіцца на згадку аб нацыяналізме. Гэта, так бы мовіць, мода такая. Дык чаму Лукашэнка павінен адставаць ад моды? Бываюць выказванні, якія чыняцца не каб пра нешта паведаміць, а каб, напрыклад, здзейсніць якісь палітычны, культурны або інтэлектуальны рытуал.

Да другой часткі выказвання я б прыслухаўся больш уважліва: «Але бываюць і нацыяналісты ў добрым сэнсе слова». Выказванні, якія пачынаюцца з «але», зазвычай не фармулюцца дзеля рытуальных мэтаў. Тут можа таіцца нейкая інфармацыя. Якая?

Найлепш – як раяць прафесійныя герменеўты – звярнуць увагу на больш шырокі кантэкст. На Дзень Рэспублікі Лукашэнка прамаўляў па-беларуску; не так даўно ён жа прызнаў, што ў нечым маюць рацыю тыя, хто крытыкуюць яго за занядбанне беларускай культуры, а віцэ-прэм'ер Тозік заявіў, што «будзе жахліва, калі страцім мову». Ці не здаюцца гэтыя казусы сімтомамі? Вось яшчэ некалькі вартых увагі казусаў.

1) Прыкладна месяц пасля таго, як Лукашэнка паскардзіўся тэлеканалу «Дождь», што ў Беларусі так і няма нацыянальнай ідэі, «Беларусь сегодня» апублікавала тэкст Ігара Марзалюка «А хто там ідзе» (21 чэрвеня 2014 г.). Тэкст, які шакаваў многіх «на-ўсход-арыентаваных» (гэта было бачна па каментарах). Тэкст фактычна з'яўляецца рэпрадукцыяй ідэй Пазняка з дробнымі праўкамі. Савецкі перыяд там не ганьбіцца (але амаль не ўсхваляецца). Ну і замест акцэнту на каталіцкасць, акцэнт там зроблены на праваслаўе (але ў дужа талерантным ключы). Артыкул апублікаваны па-расейску (хоць Марзалюк зазвычай публікуецца па-беларуску) – бачна, што для рэдакцыі важна было, каб тэкст быў прачытаны як мага большай колькасцю людзей.

2) Яшчэ адным месяцам пазней прэзідэнцкая «Беларуская думка» публікуе артыкул аднаго з найбольш яскравых беларускіх нацыяналістаў, прафесара Леаніда Лыча («Духоўны дыямент нацыі», № 8, жнівень 2014). Прыкладна 50% тэксту прысвечана клеймаванню русіфікатарскай палітыкі царскіх уладаў.

3) (Даведаўся гэта з артыкула ў «Взгляде», мяркую, што адпавядае рэчаіснасці) «У праекце бюджэту на будучы год, упершыню за дваццаць гадоў, рэзка павялічаны расходы на беларускамоўную адукацыю і нацыянальную культуру. Час вяшчання тэлеперадач на дзяржаўнай Белтэлерадыёкампаніі на беларускай мове павялічыцца на 25%».

Такім чынам, сімптомы ўтвараюць цалкам ладны сіндром. Згодзен, што канстатацыі гэтага сіндрому недастаткова, каб сцвердзіць, што «беларусізацыя грядёт». Такі прагноз рабіць яшчэ ранавата. Ёсць шэраг фактараў, якія могуць паўплываць на моўна-культурную палітыку цягам наступнага году. Можа стацца так, што міні-беларусізацыя-2014 ператворыцца праз год у цёплы ўспамін. Аднак я не згодзен з тэзай спадара Карбалевіча, што беларусізацыя пры гэтым рэжыме ў прынцыпе немагчымая.

На думку Карбалевіча, беларускае адраджэнне пры гэтым рэжыме немагчымае з шэрагу прычын: нежаданне Лукашэнкі «дражніць Расею», небяспека страціць падтрымку расейскамоўнай большасці і своеасаблівая энергетыка адраджэння, якая можа быць разбуральнай для рэжыму.

Фактар «нежадання дражніць Расею» мае вельмі адноснае значэнне. Гісторыя адносін Лукашэнкі з Крамлём паказвае, што «не дражніць Расею» зусім не належыць да галоўных прыказанняў Лукашэнкавай палітыкі. Не дражніць без патрэбы – так. Але не дражніць любой цаной – ужо не. Зрэшты, Лукашэнка за дваццаць год навучыўся манеўраваць. Не выключана, што прыведзенае на пачатку загадкавае выказванне ёсць выпадкам такога манеўравання. «Я ненавіджу нацыяналістаў» (каб Расея ведала і не «раздражнялася»). «Але не ўсе нацыяналісты кепскія» (каб свае чыноўнікі зналі, што не трэба даслоўна ўспрымаць гэту нянавісць). Аналагічна: «Мы заўсёды з Расеяй. Мы Расею ніколі не пакінем!» Але: «Далучэнне Крыма – парушэнне міжнароднага права (тут мы не з Расеяй)».

Наколькі істотны сацыялагічны фактар: большасць электарату Лукашэнкі больш любяць рускую мову, а не беларускую? Што ж, гэты фактар, безумоўна, вельмі важны, і я перакананы, што Лукашэнка пяць разоў падумае, перш чым зрабіць чарговы (магчымы) крок у накірунку беларусізацыі. Аднак не варта надзяляць гэты фактар нейкай наканавальніцкай сілай. Не ёсць так, што даміноўныя настроі электарату на 100% прадвызначаюць палітыку Лукашэнкі. Зрэшты, у выпадку правядзення мяккай беларусізацыі, асабліва калі яна будзе абмежавана культурнай сферай, электарат можа нават і не заўважыць, што нешта мяняецца ў грамадстве. Збунтавацца могуць толькі цвёрда ідэйныя пуціністы, але гэта мізэрны адсотак электарату.

Ну, і што тычыцца «самага галоўнага»: «Беларускае адраджэнне кансалідуе і мабілізуе грамадзтва. (…) Замест абывацеляў з’яўляюцца грамадзяне. А Лукашэнку патрэбнае атамізаванае грамадзтва, якое звязваюць у соцыум толькі адны дзяржаўныя інстытуты» (цытата з Карбалевіча). Інакш кажучы, нацыянальнае адраджэнне несумяшчальнае з аўтарытарызмам. Гэты пункт трошкі складана каментаваць, складана з этычна-псіхалагічных прычын. Бо, як дэмакрату-адраджэнцу, мне дужа хацелася б, каб наступілі абодва гэтыя працэсы – і адраджэнне, і дэмакратызацыя. Але тут пытанне стаіць на іншай плашчыні: ці сапраўды аўтарытарызм і нацыянальнае адраджэнне несумяшчальныя?

Так, магчымы курс на нацыянальнае адраджэнне стварыў бы для рэжыму пэўную рызыку. Але гэта была б рызыка не большая і не меншая, чым якая-кольвечы іншая грамадска значная рэформа, напр. лібералізацыя эканомікі, уступленне ў Балонскі працэс або ўвядзенне ў грамадскі ўжытак Інтэрнэту. Аўтарытарныя рэжымы, як правіла, неахвотна праводзяць рэформы і робяць гэта часцяком як «непазбежнае зло», але нельга сказаць, што рэфарматарства і аўтарытарызм несумяшчальныя. Фактычна ўсе постсавецкія аўтарытарныя рэспублікі – Казахстан, Узбекістан, Азербайджан і інш. – узялі курс на нацыянальнае адраджэнне (больш або менш інтэнсіўнае), але гэта ніяк не перашкодзіла ім застацца аўтарытарнымі.

Дык вось што кажа дэльфійскі вяшчун: не глядзіце, перад кім бацька грукае дзвярыма. Глядзіце, каму ён адчыняе вакно.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?