Спартовыя вынікі году ў аглядзе "НН"

Неадназначнасьць году: Бэрнд Штанге

У чэрвені зборная Беларусі па футболе двойчы бязвольна саступіла баўгарам у рамках адбору да чэмпіянату Эўропы. Гэтыя паразы пазбавілі нашых хлопцаў шанцаў трапіць на кантынэнтальнае першынства.

Галоўны трэнэр каманды Юры Пунтус ня стаў чакаць афіцыйнага звальненьня з пасады, а сам падаў у адстаўку. Пошукі новага настаўніка вяліся пераважна сярод замежных спэцыялістаў. Сярод патэцыйных кандыдатаў называліся расейскія, нямецкія, чэскія, украінскія трэнэры.

Урэшце, выбар быў спынены на Бэрнду Штанге з усходняй часткі Нямеччыны. У свой час Штанге зьяўляўся супрацоўнікам «Штазі», даносячы на гульцоў каманд, якія ўзначальваў. Пэрсоне немца дадае адыёзнасьці й той факт, што ён трэніраваў зборную Іраку часоў Садама Хусэйна. Штанге заўсёды падкрэсьлівае, што футбол па‑за палітыкай, таму не саромеецца сваёй былой працы.

Першы таварыскі матч каманда Штанге правяла з ізраільцянамі, дзе пры канцы сустрэчы перамагла — 2:1. Пасьля былі чатыры паразы запар. Апатэозам няўдач немца стаў хатні матч зь Люксэмургам: 0:1. Аднак ужо наступныя сустрэчы істотна зьмянілі стаўленьне заўзятараў да Бэрнда Штанге. Спачатку ў Тыране нашыя хлопцы перамаглі альбанцаў, а пасьля ў Менску — галяндцаў. Гэтыя перамогі дазволі заняць у рэйтынгу ФІФА амаль рэкорднае 60‑е месца, а Штанге спакойна рыхтавацца да наступнага адборачнага цыклю. Супернікі тамака, дарэчы, будуць ня самыя лёгкія — Англія, Харватыя, Украіна. Разам з тым, Штанге не здымае задачы выхаду на Чэмпіянат сьвету‑2010.

Налета ўжо ёсьць дамоўленасьць на таварыскія гульні з моцнымі туркамі, немцамі і аргентынцамі (дома!). Напэўна, наступны год і вырашыць ролю Штанге ў беларускім футболе.

Трыюмф году: бронза баскетбалістак

Беларускія баскетбалісткі ехалі ў Італію на чэмпіянат Эўропы абсалютнымі дэбютанткамі топ‑спаборніцтваў. Мала хто верыў, што нашыя дзяўчаты пераадолеюць хаця б першы бар’ер. На справе ж аказалася нашмат лягчэй, чым чакалася.

Каманда без асаблівых праблем выйшла ў чвэрцьфінал, дзе іх суперніцамі сталі чэмпіёнкі кантынэнту з Чэхіі. Гульня атрымалася ня самай прыгожай, але напружанай. Толькі на апошніх хвілінах стала зразумела, што нэрвы ў беларусак мацнейшыя. У паўфінале мы прайгралі гішпанкам, але змаглі зачапіць бронзу ў сустрэчы з латышкамі.

Зборная Беларусі ня мае ярка выражанага лідэра, якая б у адзіночку магла цягнуць за сабой цэлую каманду. Беларускі аказаліся моцнымі камандным духам.

Упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі зборная ў гульнявым відзе спорту заваявала мэдаль на чэмпіянаце Эўропы ці сьвету. На Радзіме баскетбалістак сустракалі як сапраўдных пераможцаў. Нацыя хоча адчуць сябе камандай.

Налета ў траўні гэта самая каманда ў Мадрыдзе пазмагаецца за выхад на пэкінскую Алімпіяду. А на днях стане вядома, ці будзе прызнаная Натальля Марчанка найлепшай баскетбалісткай Старога сьвету за 2007 год.

Расчараваньне году: біятлён

Зборная Беларусі па біятлёне, якая здаўна прывучыла нас да перамог, перажывае найгоршыя часы ў сваёй гісторыі. Скончылі выступленьне за каманду вэтэраны, годнай маладой зьмены на іх месца не прыйшло, легіянэры, прывезеныя з Расеі, таксама аказаліся не высокай клясы.

Тры першыя этапы Кубку сьвету гэтага году пакінулі жахлівае ўражаньне. Пакуль перамогі штампавалі немцы, нарвэгі, расейцы, бралі мэдалі ўкраінцы, аўстрыйцы, швэды, беларусы змагаліся за 40‑70 месцы, як у жанчын, так і ў мужчын.

У Кубку нацый нашы біятляністы цяпер займаюць рэкордна нізкія адзінаццатыя месцы. Ніякага прасьвету бліжэйшым часам таксама ня бачна. Прыклад біятлёну паказвае, да чаго можа прывесьці практыка масавага прывозу ў краіну другасных спартоўцаў з‑за мяжы.

Прагрэс году: цяжкая атлетыка

Затое зусім іншая карціна назіраецца ў цяжкай атлетыцы. Галоўны трэнэр каманды Віктар Ганчароў неаднаразова гаварыў, што посьпехі ягонай каманды найперш грунтуюцца на «нацыяналізьме». Зборная складзеная выключна зь беларускіх атлетаў, якіх граматна і мэтанакіравана вядуць да перамог з самага раньняга ўзросту.

Чэмпіянат сьвету ў Тайляндзе падарыў нам двух пераможцаў — магілёўца Андрэя Рыбакова і барысаўца Андрэя Арамнава. Рыбакоў выйграў першынства з сусьветным рэкордам у рыўку і рэкордам Эўропы паводле сумы двух практыкаваньняў.

19‑гадовы Арамнаў — адкрыцьцё году. Ніхто не чакаў сёлета ад яго такіх удалых выступаў. Вучань Міхаіла Саладара ўпэўнена выйграў сусьветны чэмпіянат, апярэдзішы асноўнага канкурэнта аж на 12 кіляграмаў!

Менавіта на цяжкую атлетыку будзе рабіцца адна з галоўных ставак на Алімпіядзе‑2008 у Пэкіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?