1. Купіце цёплую куртку.

У Беларусі вельмі, вельмі, вельмі халодныя зімы. Калі вам пашчасціла апынуцца ў гэтай краіне ўзімку і ў вас няма цёплай курткі, вынік будзе адзін: вы можаце памерці. Пры выбары зімовай амуніцыі не слухайце беларускіх прадавачак, якія прапануюць вам «стыльную еўразіме». Еўра- у Беларусі бывае толькі рамонт.

2. Саступайце месца ў грамадскім транспарце бабулькам.

Бабулькі ў Беларусі дзеляцца на два тыпы: тыя, якія не лічаць сябе старымі, і тыя, якія лічаць, што ім усё павінны. Першыя на прапанову сесці могуць пакрыўдзіцца, другія не стануць чакаць прапановы — сядуць проста на вас альбо выбухнуць лекцыяй пра падзенне нораваў у пастцыцэронавую эпоху. Каб распазнаць тып бабулькі і паступіць у адпаведнасці з ім, трэба быць беларусам. А вы саступайце ўсім.

3. Не чакайце выбачэнняў.

З дзесяці чалавек, якія наступілі вам на нагу, прыціснулі вас дзвярыма і скінулі вас з эскалатара, папросіць прабачэння роўна адзін. Гэта будзе замежнік. Зрэшты, беларусы рэдка наступаюць на ногі. І заўсёды прытрымліваюць дзверы ў метро.

4. Палюбіце дранікі.

Беларусы робяць аладкі з бульбы, яек і цыбулі і спажываюць іх са смятанай. Калі беларус хоць бы раз у месяц не з'есць дранік, ён памрэ. Таму ніколі не прызнавайцеся беларусам, што вам не падабаюцца дранікі, — гэта плявок у душу.

5. Забудзьцеся пра каштоўнасць вышэйшай адукацыі.

У Беларусі дыплом аб вышэйшай адукацыі ёсць амаль ва ўсіх. У каго няма, тыя знаходзяцца ў працэсе атрымання. Аднак гэта зусім не азначае, што ўсе беларусы разумныя, начытаныя і ў курсе, што такое, напрыклад, Балонскі працэс.

6. Не верце навінам.

Калі па тэлевізары сказалі аб тым, што беларускай эканоміцы палягчэла, ідзіце купляць даляры і грэчку. Чаму грэчку? Не пытайцеся. Соль таксама захапіце.

7. Не чакайце ўсмешак.

У нас не бывае добрага надвор'я і добрай гісторыі. Ад неба і дзяржаўных кабінетаў у Беларусі заўсёды чакаюць падвоху. Ну, самі падумайце: ідзеш такі, ўсміхаешся, на сонца жмурыцца, а табе — трымай-ка падвох! Добры настрой варта старанна хаваць. Гэта не значыць, што беларусы злыя. Але, каб чалавек пачаў вам усміхацца, вы павінны заваяваць яго давер.

8. Не прасіце у доўг. Вам ніхто не дасць.

Не, беларусы людзі не прагныя. Проста ўсе зберажэнні ў іх захоўваюцца ў доларах. Долары мяняць нельга. Да таго ж яны зашытыя ў матрац.

9. Не хадзіце на пошту.

Беларускі паштамт — партал у нікуды і ў нідзе. Вы праведзяце там вялікі кавалак свайго жыцця, пры гэтым ліст нікуды не сыдзе, а валасы наэлектрызуюцца раздражненнем, што лунае ў паветры. Ніхто не ведае дакладна, як гэта працуе.

10. Прабівайце талончык у аўтобусе праз раз.

Праезд тут ледзь не самы танны ў Еўропе, але трэба ж неяк змагацца з сістэмай. Будзьце беларусам.

11. Вывучыце некалькі фраз на беларускай.

Амаль усе беларусы размаўляюць на рускай мове, але, выкарыстоўваючы беларускую, вы гарантавана звернеце на сябе ўвагу і спадабаецеся, можа быць, добрым людзям.

12. Не разлічвайце на ваду ў рэстаране.

У бутэльках вада платная, а «проста вады» тут не існуе. (Дарэчы, выпіваючы ваду з-пад крана, вы, хутчэй за ўсё, нічым не рызыкуеце.) За кожны кавалачак хлеба вы з верагоднасцю 95% павінны будзеце заплаціць. І за пакецікі цукру таксама — ≈0,05 $. Нават калі вы наелі на 1 000 000. Бралі цукар? Пакладзіце 1 000 500.

13. Не танчыце ў клубе.

Ніхто не танчыць у беларускіх клубах.

14. Не выкарыстоўвайце слова «Белоруссия».

Гэта важна амаль настолькі ж, наколькі зімовая куртка.

15. Пакаштуйце рагачоўскую згушчонку.

Яна смачная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?