Сяргей Чыслаў, фота Сяргея Гудзіліна

Пад час кароткага знаходжання ў Мінску Сяргей Чыслаў даў інтэрв’ю «Нашай Ніве».

«Наша Ніва»: Апошні год Вы пражылі ва Украіне?

Сяргей Чыслаў: Амаль што. Увесну я вярнуўся з Лацінскай Амерыкі, з Балівіі. І адразу падаўся ва Украіну. У мяне было разуменне, што наш лёс сёння вырашаецца менавіта там.

«НН»: Якія сёння настроі ва Украіне?

СЧ: Я б не сказаў, што ёсць расчараванне. Народ ужо паверыў сам у сябе. Пуцін і ягонае атачэнне рыхтаваліся да гэтай вайны даўно. Я назіраў, што расійская прапаганда рабіла з людзьмі. У мяне ёсць адзін сябра ў расійскай міліцыі, ён сам армянін па нацыянальнасці, з ім можна размаўляць на любыя тэмы, але калі гаворка заходзіла пра Украіну, то вочы ў яго рабіліся шклянымі. «Яны нам здрадзілі», — крычаў мне Сурэн. Але ёсць і іншыя прыклады. У батальёне «Азоў» я сустракаў былога афіцэра расійскага ФСБ. Ён абсалютна задаволены і казаў мне: «Я ўпершыню бачу ў адным месцы столькі добрых людзей».

Расіі здавалася, што пралічаны кожны аспект гэтай вайны. Нават логіку Парашэнкі яны думалі, што пралічылі. Адзінае, што ўпусцілі — гэта воля і дух украінскага народа. Цяпер гэтая воля ламае к чортавай мацеры ўсе вялікія стратэгіі Пуціна.

«НН»: Аднаго духу дастаткова, каб перамагчы?

СЧ: Дух — гэта тое, з чаго ўсё пачынаецца. Яшчэ паўгода таму я бачыў украінскае войскае — згаслыя вочы. Расія — нам браты, як мы супраць іх будзем ваяваць, казалі салдаты. А цяпер, у першую чаргу за кошт добраахвотнікаў, адбыўся велізарны зрух у свядомасці. Я бачу, як гараць вочы ў гэтых людзей. Яны ўжо пераступілі цераз страх.

«НН»: Што за людзі ў добраахвотных батальёнах?

СЧ: Не верце прапагандзе пра бандэраўцаў, 90% украінскіх салдат размаўляе па-расейску. Мне тут прыгадваецца прыклад Вялікага Княства Літоўскага, калі ўсе грамадзяне, незалежна ад этнасу і рэлігіі, былі ліцвінамі, стаялі за дзяржаву. Я бачыў мноства людзей ва Украіне, якія цяпер кажуць, што «мы рускія, але мы ўкраінцы». Так, гэты чалавек не будзе гаварыць па-ўкраінску, але дзейнічаць як патрыёт — будзе.

«НН»: А беларусаў там шмат?

СЧ: Беларусаў? Хапае. Што мяне здзівіла, там сапраўды вельмі шмат ваюе расейцаў. Там ёсць хлопцы з беларускага РНЕ, якія шчыра ваююць.

Я засяроджваў пытанні ўкраінскай контрвыведкі па гэтых людзях. Мне сказалі, што назіраюць за імі, але не могуць сказаць нічога кепскага. Нядаўна нехта быў сказаў, што «ўкраінцы — гэта тыя самыя рускія, але якія не здаюцца».

Што яшчэ да рускіх, то гэтым летам было 25 гадоў з часу выпуску нас, маладых лейтэнантаў, з Мінскай вышэйшай інжынернай зенітна-ракетнай вучэльні. Збіраліся аднакурснікі. Мы вучыліся пры Саюзе, таму група была вельмі інтэрнацыянальнай. Прыехалі сябры з Расіі, і я не бачыў у іх нейкага дурнога ўра-патрыятызму. Я яшчэ пытаўся, ці ўсе ў вас радыя, што «Крым ваш». Не, кажуць, радыя толькі прыбіральшчыцы і ахоўнікі. Астатнія разумеюць, што дабром гэта ўсё не скончыцца.

Я бачу, што ў Расіі грамадства пачынае астываць. Асабліва пасля таго, як да іх паехалі «грузы дзвесце». Людзі як ва Украіне не хочуць ваяваць, гэтак і ў Расіі.

 «НН»: Перад гэтай гутаркай Вы казалі, што бачыце нараджэнне «новай Украіны».

СЧ: Я раздзяляю Украіну на дзве паловы. Ёсць старая Украіна, дзе баль правяць грошы. Дзеля грошай тыя людзі гатовыя здраджваць, кідаць сваіх партнёраў, падманваць. Новая Украіна — лепшая. Львоў, Днепрапятроўск, мужчыны, жанчыны… Сярод валанцёраў столькі жанчын-менеджарак! Яны не разумеюць у вайсковай справе нічога, але гатовыя выконваць іншыя паручэнні. Напрыклад, машыны для салдат у зоне АТА — гэта іх праца.

На Нацыянальную гвардыю цяпер прыемна глядзець! Там адбылося зрошчванне людзей, якія ўмеюць ваяваць, і людзей, якія маюць аграмаднае жаданне рабіць.

«НН»: Вы бывалі ў зоне АТА, якія там настроі?

СЧ: У мяне быў адзін сябар з Горлаўкі, ён нядаўна загінуў, таму я і да вайны наведваў гэты рэгіён. Мяне здзіўляла, наколькі гэтая тэрыторыя дэпрэсіўная. Нядаўна вазілі дапамогу ў Марыупаль, мясцоваму тэрытарыяльнаму батальёну. У мяне было першым пытаннем: «А што, гэта сепаратысты?» Мне кажуць, што не сепаратысты, а нашы. Але ж з твару яны нічым не адрозніваюцца.

Я не здзіўлены, што ў гэтым рэгіёне, у Данбасе менавіта, нешта адбываецца. Але без удзелу ГРУ яно не перакінецца на іншыя тэрыторыі.

Вяртаючыся да нашай сустрэчы выпускнікоў, то вучыўся з намі хлопец з Харкава. Ён заўсёды быў за Расію, але цяпер гучней за ўсіх крычаў, што ён «жыдабандэравец». Таму я перакананы, што Украіна пераможа.

«НН»: Хто ўзброены лепш? Украінцы ці сепаратысты?

СЧ: Зброя розная. Часам лепшая ў гэтых, часам — у тых. Канечне, бачачы аўтаматы Калашнікава «сотай серыі», разумееш, што трапілі яны сепаратыстам з Расіі. Бо ва ўкраінскай арміі іх на ўзбраенні няма. Здзіўляе, што ва Украіне няма ваеннага становішча. Кажуць, што Парашэнка тым самым баіцца раззлаваць Пуціна. Калі вяртаешся з зоны АТА, то цябе шманаюць, правяраюць, каб не вёз зброі. Калі едзеш туды, то кантроль нашмат больш лагодны.

«НН»: А як мясцовыя рэагуюць?

СЧ: Ёсць і такія, што негатыўна. Калі мы вязём дапамогу, то на машыне вывешваем украінскі сцяг, дык могуць і коса глядзець. Але любы мясцовы жыхар гэтага рэгіёна можа прыйсці ў батальён, яго пакормяць, нават з сабой дадуць.

Чуючы пра валанцёрскі рух ва Украіне, мы не ўяўляем яго маштабы. А ён уражвае. Людзі аддаюць свае грошы, гатовыя ўсё аддаць! Для «Правага сектара», напрыклад, адзін доктар са Львова купіў БТР. Народ гэта ўспрымае як свяшчэнную вайну! Калі гналі ў зону АТА машыны, то заязджалі на запраўкі, стаяць машыны з адэскімі, данецкімі нумарамі, абсалютна звычайныя людзі дастаюць грошы. Кажуць, вазьміце на паліва. Таму я і кажу, што Расея не мае там шанцаў. Нават калі яна нешта захопіць, то не здолее гэта ўтрымаць.

«НН»: А Крым здолее?

СЧ: Крым заўсёды здзіўляў прысутнасцю расійскай прапаганды і адсутнасцю ўкраінскай. У мяне там ёсць сваякі, якія пераехалі з Гомельскай вобласці ў 1945—46 гадах, дык яны ўжо лічаць сябе рускімі.

Крымам ніхто не займаўся. Там жылі высокаадукаваныя людзі, але Украіна не ставіла перад імі задачаў.

Я не песіміст, але і не аптыміст у гэтым пытанні. Калі ўкраінцы хочуць зрабіць Крым украінскім, то патрэбныя вялізныя грашовыя ўкладанні.

«НН»: У вас шмат сяброў загінула ў гэтыя месяцы вайны?

СЧ: Я не хачу гаварыць пра загінулых сяброў. Адна справа, калі ты чытаеш статыстыку, і іншая — калі загінулі сябры.

«НН»: Вы адчуваеце ваенную пагрозу для Беларусі?

СЧ: У трэці раз спасылаюся на сустрэчу выпускнікоў. Нас там большасць было беларусаў, то мяне здзівіла, што яны не адчуваюць небяспекі. Калі кажу, што мы наступныя, дык паціскаюць плячыма. «Як гэта мы? А нас за што?» Што-небудзь прыдумаюць, кажу я.

Лукашэнка — гэта адначасова і моцны бок, і слабы. Нібыта ён моцны лідар, усё кантралюе. Але ж расійскай агентуры ў нас не меней, чым ва Украіне, а болей.

Што можа быць матывацыяй для войска? Патрыятызм, грошы і страх. Патрыятызм у нашым войску? Я вельмі сумняюся.

Грошы? У кожнага ў мазгах сядзіць, што яго сакурснік у Расіі атрымлівае ў тры разы болей за яго. Увогуле, навучанне беларускіх вайскоўцаў у Расіі — гэта не вельмі добра, бо мы атрымліваем агентаў уплыву. Так, беларусаў у Расеі цэняць, бо ў нас ёсць пэўны адбор і вучыцца туды едуць сапраўды найлепшыя, не раздзяўбаі. Але пры ўсім тым ім там канкрэтна прамываюць мазгі.

Як і ва Украіны, адзіны шанец Беларусі ў выпадку чаго — гэта добраахвотнікі, якімі можна будзе разбаўляць рэгулярнае войска. Але ж нацыяналістаў Лукашэнка не любіць, сам стварае выпаленую зямлю.

* * *

Сяргей Чыслаў нарадзіўся ў 1967 у Мінску. Скончыў Мінскую вышэйшую інжынерную зенітна-ракетную вучэльню ў 1989. Служыў у Забайкаллі, на мяжы з Кітаем. Быў адным з заснавальнікаў Беларускага згуртавання вайскоўцаў, займаў там пасаду адказнага сакратара. Заснавальнік і кіраўнік спартова-патрыятычнай арганізацыі «Белы легіён». У 2008 Сяргей Чыслаў разам з сябрамі быў арыштаваны ў сувязі з выбухам на Дзень незалежнасці, але праз 10 сутак вызвалены. Выбух той, як высветліць суд пасля, зладзіў віцебскі хуліган Канавалаў. Разам з са Станіславам Суднікам выдаў у 1997 «Расійска-беларускі вайсковы слоўнік».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру