Узброеныя сілы Беларусі пачалі атрымліваць элементы новага індывідуальнага рыштунку — тактычныя акуляры і ахоўныя шлемы, паведаміў сайт vsr.mil.by.

Афіцыйнае фота новага шлема.

Афіцыйнае фота новага шлема.

Ахоўныя шлемы ЗШ-1 і ЗШ-1-2 павінны абараніць галаву жаўнера ад халоднай зброі, куляў стралковай зброі, аскепкаў снарадаў, гранат, мін, а таксама ад траўм. У адрозненне ад сталёвых шлемаў, якія дагэтуль выкарыстоўваюцца беларускімі наземнымі войскамі, шлем ЗШ-1 зроблены з арамідных тканін. Такая сінтэтычная тканіна вельмі эфектыўна змякчае удар і вытрымлівае высокія тэмпературы. ЗШ-1-2 мае каркас з алюмініевага сплаву і арамідны ніжні слой, а таксама барміцу для абароны шыі.

Тактычныя акуляры ОТ-1 і ОТ-1М прызначаныя для абароны вачэй ад асколкаў ды ад любых механічных пашкоджанняў падчас бою. Акуляры зробленыя з полікарбанату.

Гэтым рыштункам плануецца забяспечыць увесь асабісты састаў Узброеных сіл за выключэннем танкістаў і лётчыкаў, паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны.

Элементы новага рыштунку на байцах беларускай міратворчай роты падчас вучэнняў у лістападзе 2014 году.

Элементы новага рыштунку на байцах беларускай міратворчай роты падчас вучэнняў у лістападзе 2014 году.

Раней са спасылкай на крыніцу ў Міністэрстве абароны Беларусі сайт belvpo.com паведамляў, што ў 2015 годзе значна павялічацца выдаткі на мадэрнізацыю арміі, у сувязі з чым не выключана з'яўленне і іншых новых тыпаў рыштунку і тэхнікі.

Пакуль няма інфармацыі, якое прадпрыемства будзе займацца вытворчасцю новага рыштунку. Вядома, напрыклад, што ў Беларусі шлемы ЗШ-1 і ЗШ-1-2 вырабляе кампанія АГВ-ПОЛСПО — сумеснае прадпрыемства полацкага «Шкловалакна» і італьянскай фірмы AGV-S.p.A.

Дадзеныя пра шлем ЗШ-1-2 з сайта беларускага вытворцы polspo.by.

Дадзеныя пра шлем ЗШ-1-2 з сайта беларускага вытворцы polspo.by.

Падобную прадукцыю Беларусь здольная вырабляць і распрацоўваць самастойна, сказаў НН беларускі вайсковы аналітык Аляксандр Алесін і адзначыў, што элементы новага рыштунку выпрабоўваліся ў войсках падчас вучэнняў «Захад-2013». Паводле яго меркавання, спачатку новыя шлемы і акуляры пойдуць у беларускія часткі хуткага рэагавання і спецпрызначэння, бо Міністэрства абароны пакуль не мае грошай, каб забяспечыць усю армію.

Комплекс «Салдат — баявыя сістэмы».

Комплекс «Салдат — баявыя сістэмы».

Таксама ён нагадаў, што ў 2013 годзе Беларусь прадэманстравала перспектыўны комплекс індывідуальнага баявога рыштунку «Салдат — баявыя сістэмы». У склад гэтага комплексу уваходзяць аптычна-электронны прыцэльны комплекс, відэакамера, цеплавізар, лазерны дальнамер, прыбор начнога бачання, сістэма кантролю за баяздольнасцю вайскоўца (датчык пульсу, датчык узроўню кіслароду ў крыві).

Таксама будучы беларускі вайсковец, як плануецца, будзе мець лічбавую радыёстанцыю, радыёмадэм, розныя віды камп’ютараў у залежнасці ад патрэбаў, спадарожнікавыя сродкі навігацыі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?