15 сьнежня суд Цэнтральнага раёна Менску пакараў актывіста грамадзкага аб’яднаньня «Альтэрнатыва» Аляксея Шубару арыштам на сем сутак за пікет супраць палітыкі Пуціна.

Аляксей Шубара, фота з Фэйсбука Алега Корбана

Аляксей Шубара, фота з Фэйсбука Алега Корбана

Судзьдзя Натальля Вайцэховіч прызнала яго вінаватым у парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Сьведкамі на судзе выступілі супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС Менску Грызенка і Корзун, якія затрымлівалі актывіста, паведамляе spring96.org.

Аляксей Шубара быў затрыманы 12 сьнежня ў Менску ля Кастрычніцкай плошчы, дзе ён праводзіў адзіночны пікет. Актывіст быў зь бел-чырвона-белым сьцягам і плякатам «Людзі, трэба тэрмінова спыніць Пуціна. Не III сусьветнай вайне». Такім чынам ён выказваў пратэст супраць палітыкі прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна.

Выходныя да суду актывіст правёў у Цэнтральным РУУС Менску.

Кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня «Альтэрнатыва» Алег Корбан паведаміў, што ў ізалятары Аляксей захварэў, бо там холадна зраніцы, а пасьцельную бялізну і покрыва яму не выдавалі.

Паводле Корбана, Аляксей Шубара выйшаў у цэнтар Менску, «каб выказаць сваё меркаваньне пра палітыку Крамля, расейска-ўкраінскі канфлікт».

«Аляксей Шубара — звычайны хлопец, жыве ў здымнай кватэры на вуліцы Ангарская. Працуе ў будаўнічай фірме, больш-менш зарабляе на жыцьцё, мае сям’ю (выхоўвае малалетняе дзіця). Паўтара гады таму далучыўся да шэрагаў «Альтэрнатывы», некалькі разоў браў удзел у акцыях, але ўсё абыходзілася безь перасьледу ўладаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?