У 2014 годзе Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа пры фінансавай падтрымцы пасольства Польшчы ў пяці ўстановах адукацыі Беларусі створаны клубы маладых донараў, паведаміла 15 снежня на сустрэчы клубаў каардынатар праекта Аляксандра Папкова. 

Паводле яе слоў, клубы створаны ў Слуцкім дзяржаўным медыцынскім каледжы, Барысаўскім дзяржаўным лесаагратэхнічным прафесійным каледжы, Нясвіжскім дзяржаўным каледжы імя Якуба Коласа, Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім каледжы і Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. 

Паводле слоў каардынатара, праект рэалізуецца з мэтай павышэння прэстыжу донарства, стварэння станоўчага іміджу донара крыві і, адпаведна, павелічэння ліку бязвыплатных донараў. «Мы разглядаем донарства як сацыяльную з'яву і гаворым аб тым, што донар — гэта самы каштоўны рэсурс службы крыві», — адзначыла Папкова. 

У кожным клубе працуе пяць валанцёраў-інструктараў, якія прайшлі спецыяльнае навучанне. Акрамя таго, былі праведзеныя трэнінгі ў навучальных установах. «Клубы самі выбіралі шлях, як яны будуць распаўсюджваць атрыманыя веды пра донарства крыві», — дадала каардынатар праекта. 

Пры гэтым яна падкрэсліла, што моладзь, якая здае кроў на добраахвотнай і бязвыплатнай аснове, лічыцца найболей бяспечнай групай донараў з ніжэйшай рызыкай наяўнасці ў крыві інфекцыі ў параўнанні з платнымі донарамі. Паводле слоў каардынатара праекта, у 62 краінах нацыянальныя запасы крыві на 100% (ці амаль на 100%) складаюцца з добраахвотных неаплачаных данацый крыві, у 40 краінах — на 25%. 

Як адзначыла Папкова, існаванне платнага донарства прыводзіць да зніжэння ўзроўню сацыяльнай адказнасці донараў і, адпаведна, якасці крыві. «Калі людзі ідуць здаваць кроў выключна матываваныя тым, што яны за гэта атрымаюць нейкія матэрыяльныя сродкі, выкрываюцца факты, што, калі гаварыць простымі словамі, учора выпіў, а сёння патрэбныя грошы. Можна гэты факт утаіць і пайсці здаць. Зразумела, кроў будзе не самая лепшая», — сказала яна. 

Сярод іншых праблем папулярызацыі донарства ў Беларусі Папкова адзначыла адсутнасць у насельніцтва разумення сацыяльнай значнасці донарства, а таксама нізкі ўзровень інфармаванасці насельніцтва аб патрэбнасці грамадства ў донарах і неабходнасці прыцягнення да донарства моладзі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?