Надоечы ў Фэйсбуку чарговы раз зрабілася дыскусія пра слова цыцкі — што яно значыць, якое ўжыванне яго дарэчнае, а якое недарэчнае.

Тлумачальны слоўнік беларускае мовы кажа:

цыцка, -і, ДМ -ццы; родны склон множны лік -цак; жаночы род
размоўнае слова

  1. Грудзі жанчыны. [Старая:] — А ты глядзі — малая ўстане ды цыцкі папросіць… Брыль. — Вось бачыце, якое.. [дзіця]? — стаяла на сваім гаспадыня. — Ёй дай матчыну цыцку. Новікаў.
  2. Сасок у млекакормячых. Цыцкі ў каровы патрэскаліся. ▪ Пасля, сумуючы па цыццы, У адным капаліся [парасяты] карытцы. Крапіва.

Чаго грахі таіць — мы не заўсёды давяраем слоўнікам. Калі мы не давяраем, то павінны зрабіць сваё навуковае даследаванне. Што даследуе мовазнаўства? Mutatis mutandis яно даследуе тэкст. Даследаваўшы тэкст, мы зможам аб’ектыўна сцвердзіць, якое ж ужыванне дарэчнае, а якое не.

Дык адзін з каня выхіліўся ды за цыцку яе як схапіў — ледзь цераз веснікі не перакінуў! (Янка Брыль, «Ніжнія Байдуны.)

Прайшоў тыдзень, і з Васільком усё ўнармавалася: вясёленькі і задаволены, цмокча сабе, ухапіўшыся пальчыкамі за матчыну цыцку. (Масей Сяднёў, «І той дзень надышоў».)

З гэтых прыкладаў мы бачым, што слова «цыцка» ўжываецца ў тым самым значэнні (першым), што падае слоўнік. Што ж да адцення размоўнасці, то ці мае рацыю слоўнік? Масей Сяднёў проста падае інфармацыю ў аповедзе. Ці ёсць у ёй адценне размоўнасці? Падумайце самі.

А вось ва Уладзіміра Караткевіча, калі якое адценне ў гэтага слова і ёсць, то дакладна не размоўнае. Больш праўдападобна, што паэтычнае.

Праваслаўны або каталіцкі,
Ці які там твой будзе парог, —
Яе разам з матчынай цыцкаю
Даў табе ў твае вусны Бог.

Пі. І ведай: гіне ў пракляццях
І зь дзярма павек не ўстае
Той, хто выплюнуў цыцку маці
Або злосна ўкусіў яе.

І на іншых вяршынях суровых
(Вера! Роўнасць! Свабода! Край!)
Ты струменьчык матчынай мовы,
Быццам маці, не забывай.

Ты забыў? Ну што ж, на дасвецці
Ты без сонца будзеш канаць…
Шмат прыўкрасных грудзей на сьвеце,
Ды не ўспоіць цябе ні адна…

Сярод іншых святынь неаджыўшых
Даў яе нам на кожны парог,
Твар да нас, – усялякіх, — схіліўшы
З невымернаю літасцю Бог.

Таму ўжывайма гэтае слова ў слоўнікавым значэнні, а за прыкладам пісьменнікаў і паэтаў — не толькі ў размове. І не боймася шукаць праўды пра нашую мову. Яна ёсць і яна не такая недаступная, як нам часам здаецца.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?