Аляксандр Лукашэнка падчас кадравых рашэнняў 15 снежня зноў акцэнтаваў увагу чыноўнікаў на неабходнасці дыверсіфікацыі экспарту. 

«Год асаблівы, сітуацыя няпростая. Вы бачыце, як асела Расія (гэта наш асноўны рынак); вы бачыце, што робіцца ва Украіне (адзін з асноўных нашых рынкаў) — вайна ідзе, ім сёння не да пакупак, тым больш складанай бытавой тэхнікі і складанай тэхнічнай прадукцыі: МАЗаў, БелАЗаў, трактароў і гэтак далей, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Але гэта не значыць, што мы з вамі складзем рукі і будзем чакаць лепшых часоў — не! Што толькі можна сёння — мы павінны зрабіць, каб выратаваць нашу вытворчасць і не выкінуць людзей на вуліцу». 

«Мы не можам увесь час маліцца на адну Расію, хоць гэта і брацкая нам краіна. Таму што, бачыце, адзін гэты рынак абваліўся і мы следам паляцелі.

Так, у нас калісьці 85% прадавалася на расійскі рынак, сёння ўжо 40-45%. Так, мы паменшылі залежнасць ад аднаго рынку, але, як бачна, гэта яшчэ мала. Плюс дадалася Украіна. Не думаю, што лепшае становішча і ў Казахстане. Таму любой цаной мы павінны выходзіць на новыя рынкі. І гэта можна», — лічыць беларускі кіраўнік. 

Паводле яго слоў, аб гэтым сведчыць і выхад некаторых беларускіх прадпрыемстваў на амерыканскія рынкі: «Знятыя ўсякія санкцыі, і мы з імі гандлюем. Значыць, можна». 

Лукашэнка адзначыў, што кіраўнікі мясцовай вертыкалі ўлады павінны таксама ўнікаць у працу прадпрыемстваў, размешчаных на іх тэрыторыі, нягледзячы на іх ведамасную падпарадкаванасць. «

Майце на ўвазе: чужых прадпрыемстваў на тэрыторыі вашых раёнаў няма. Яны ўсе вашы. Вы ў гэтых раёнах прэзідэнты, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Таму не саромейцеся туды заходзіць, запытваць з іх: дайце вынік!». 

«Сітуацыя, яшчэ раз падкрэсліваю, у свеце няпростая, а тым больш у нашым рэгіёне. Павінен сказаць, што такой сітуацыі наогул ніколі не было. І нам у гэтай сітуацыі трэба паказаць сваю заможнасць, — падкрэсліў Лукашэнка. — Наступны год — гэта наш экзамен. Як бы ні было цяжка, нас людзі павінны зразумець, а каб яны нас зразумелі, трэба даць вынік, як бы цяжка ні было». 

Узгадняючы прызначэнне новага кіраўніка Магілёўскага завода «Строммашына» Уладзіміра Дземідзенку, кіраўнік дзяржавы даручыў шукаць новыя рынкі збыту прадукцыі, прычым з улікам запатрабаванасці тавараў. Лукашэнка лічыць недапушчальнай працу на склад. Паводле яго слоў, цяпер важна не проста вырабіць, але выгадна прадаць прадукцыю. І менавіта з гэтага трэба зыходзіць, выбудоўваючы стратэгію дзеянняў на перспектыву, заявіў беларускі кіраўнік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?