Піша Ева Вежнавец.

Было ў мяне адзін год адзінокае сьвята. Толькі я прыладзілася выпіць як сьлед перад накрытым сталом — званок у дзьверы. Я адкрыла ня гледзячы — хто б там ні быў, хоць рабаўнік, усё весялей будзе. На парозе — суседзі Колік і Толік. Толік трымае Коліка за пас, Колік націскае мой званок. Гэта хлопцы‑двайнякі, дзеці маіх суседзяў‑чарнобыльцаў, ім гадоў па шэсьць, але яны вельмі маларослыя, худыя, вёрткія, чарнявыя такія гамельчукі.

— Чаго вы, хлопцы?

— Папа сказаў к вам ісьці. Маму ражаць павезьлі. А папа нагу зламаў, і яго дактары забралі.

— Мама наша даўно нейкая тоўстая хадзіла. А мы й не здагадаліся, што ў нас Наташка будзе. Нам хлопцы ў двары сказалі, што ў мамы будзе дзіця.

— А адкуль вы ведаеце, што Наташка?

— Хочацца такую Наташку. Мама хацела дзевачку. Казала нам: як вы мяне замучылі, ах, каб хто‑небудзь з вас быў Наташка, а не такі ёлупень, як вы! Дык вось будзе ёй Наташка.

— Папа пайшоў па елку, а вярнуўся п’яны і зь нейкай такой аблупленай елкай, быццам на сьметніку знайшоў. Мама пачала плакаць і біць яго, а ён дастаў з курткі пакет мойвы і кажа: «Ніначка, чаго ж ты б’есься, я хлопцам падарак прынёс». Мама кажа: «Каб жа ты нечага здох са сваёй мойвай!» І стукнула папу мінэралкай. А мы заплакалі, маму абнялі, і папу абнялі. Мамачка, мы любім мойву, не крычы на папку!!!

— І мы тую мойву зьелі чуць не з пакетам! А мама пачала і плакаць, і сьмяяцца, а тады схапілася за сьпіну і закрычала, каб папа бег скорую вызываць. А хата ў нас новая, дзьверы аднолькавыя, і папа ўсё блытае дзьверы са сьценнай шафай. Ну, ён шафу адкрыў і ўляцеў туды — яна недаробленая там, глыбока, яма ўнутры, мы там хаваемся, як што якое. Мы скорую вызвалі. Папа сказаў, што бабка прыедзе заўтра, а пакуль каб мы ў вас начавалі, можна?

Мы цудоўна сустрэлі той Новы год! Зьелі ўсё, што я прыпасла. Пілі з фужэраў пад Лукашэнку й бой курантаў. Прагледзелі ўсе канцэрты аж да чацьвертай раніцы. Выпалілі пэтарду з балькона.

— А й добра, што так выйшла! — сказаў мне Колік ужо з ложка, як патушылі сьвятло. — Мы даўно падарункі знайшлі, што маме на нас выдалі, цукеркі паелі, а ў паперкі плястылін пазакручвалі. А Толік яшчэ ў згушчонцы і ананасах дно прабіў, высмактаў і вады напусьціў. А дно цэньнікам заляпіў. Нас бы мама пазабівала, а цяпер яны і ня ўспомняць.

— Мойва такая была салёная! Цёця, а ў вас больш соку няма?

— Няма, папі вады з‑пад крану.

Малыя ногі ўпоцемку зашлёпалі па лінолеўму.

А нарадзілася ў іх Дар’я, бо на Дар’яў той год быў якраз умалот.

* * *

Ева Вежнавец жыве між Менскам і Варшавай. У сэрыі «Кнігарня «НН» выходзіць яе кніга прозы «Шлях дробнай сволачы».

* * *

Глядзі яшчэ
Аляксей Бацюкоў. Хто сьмяяўся апошнім
Тацяна Барысік. Маленства пад горку кацілася
Аляксандар Апон. Каўбаса лівэрная, палепшанай якасьці
Рэйманд Карвэр. Відашукальнік
Уладзімер Лялькоў. Лёсы
Пэтар Шабах. Сьвяты вечар

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0