Самым папулярным запытам года стаў «Робін Уільямс». Славуты актор скончыў жыццё самагубствам 11 жніўня.

Наступным па папулярнасці стаў запыт аб Чэмпіянаце свету па футболу. У фінале Нямеччына перамагла Аргентыну 1:0 (гол на 113 хвіліне забіў Гётцэ) і стала чэмпіёнам свету ў чацьверты раз.

Таксама людзей цікавіў вірус Эбола. У кастрычніку прадстаўнік ААН заявіў, што міжнародная супольнасць не паспявае за тэмпамі распаўсюджвання Эболы — да снежня, на яго думку, у тыдзень будуць захворваць да 10 тысяч чалавек.

Самым паспяховым чалавекам у пошукавых запытах стала акторка Джэніфер Лоўрэнс – верагодна, не толькі праз удалую ролю ў «Галодных Гульнях», але і праз уцечку інтымных фота. Але і да ўцечкі Лоўрэнс лічылася самай сэксуальнай жанчынай свету. Следам за «Джэй-Лоў» ідуць Кім Кардаш’ян і Жулі Гае.

Найбольш «абгугленым» спартоўцам стаў Хамес Радрыгес, калумбійскі футбаліст, які забіў найбольш галоў на Чэмпіянаце свету. Следам за ім гоншчык Міхаэль Шумахер, які паўгады правёў у коме, і рэгбіст Рэй Райс.

Галоўнай сусветна значнай навіной быў згаданы вірус Эбола.

За ім па цікаўнасці людзей ідзе тэрарыстычная арганізацыя «Ісламская дзяржава Ірака і Сірыі», якія не цураюцца навучаць сваёй крывавай справе і 9-гадовых дзяцей. На трэцім месцы сярод навін катастрофа самалёта над Украінай, у якой загінулі амаль 300 чалавек. Чацвертае месца займаюць падзеі ва Украіне і Крымскі крызіс. На пятым месцы беспарадкі ў амерыканскім Фергюсане.

Самым папулярным гаджэтам году паводле пошукавых запытаў стаў iPhone 6, а самым папулярным відэа – польскі сабака, апрануты ў гіганцкага павука.

Таксама Google абнавіў нацыянальныя вынікі для многіх краін свету. Беларусі ў спісе традыцыйна няма, але можна адзначыць нешта цікавае ў суседзяў.

Напрыклад, барадатая Канчыта Вурст цікавіла палякаў больш, чым уласныя грудастыя «Славянкі»; у Расіі персонай году паводле Google стала Жана Фрыске, якая пераадолела цяжкую хваробу; рэцэптам году ва Украіне стаў «кактэйль Молатава».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?