фота з сайта Настаўніцкай газеты

Я настаўнік. Працую ў школе чацвёрты год. Мяне абавязваюць выпісаць «Настаўніцкую газету» на паўгода і прынесці квітанцыю аб выпісцы адказнаму выканаўцу ў школе альбо здаць грошы. Сума сціплая — 300 тыс. рублёў. На пытанне «чаму я абавязаны» у каторы раз атрымліваю невыразны адказ.

Самы часты — што я абавязаны знаёміцца з метадычнай літаратурай, выплаты на якую адбываюцца кожны месяц. Але ці з’яўляецца газета метадычнай літаратурай? Дарэчы, за 6 працоўных месяцаў сума гэтых даплат менш за 300 тыс. рублёў.

Наступны аргумент — здаюць усе, і я абавязаны здаць як усе. Тут цікавей. Здаваць грошы на добраахвотную падпіску. І калі я не здам, то суму прыйдзецца падзяліць на астатніх членаў майго метадычнага аб’яднання. І чаму нехта павінен плаціць, а я не?

Іншы варыянт — выкананне пастановы аддзела адукацыі, які даводзіць план, у якім сказана, колькі і якіх падпісак школа абавязана правесці і даць справаздачу. У іншым выпадку праца школы будзе лічыцца нездавальняючай. Што, вядома, не абяцае адміністрацыі нічога добрага.

Перад мінулым «перыядам» падпіскі ў мяне адбылася цікавая размова з дырэктарам школы. Дырэктар прасіла грошы здаць і «не парушаць выканальніцкую дысцыпліну». Мы ж работнікі дзяржаўнай арганізацыі і выконваем дзяржзамову. А паказаную суму мне абавязкова пакрыюць у наступных заробках з прэміяльнага фонду, як і ўсім іншым настаўнікам. Ці з’яўляецца гэта мэтавай задачай гэтага фонду? На гэта ён павінен быць накіраваны? Адказ тут таксама не патрабуецца.

З кім ні размаўляў на гэтую тэму, усе ў адзін голас адказваюць: «гэта не правільна, але зрабіць нічога не можам». Такія патрабаванні. Тут я нават спачуваю адміністрацыі.

З матэрыяламі «Настаўніцкай» я знаёмлюся на сайце газеты. Часам матэрыял там сустракаецца вельмі цікавы і карысны. Але агульнае напаўненне газеты не выклікае ў мяне жадання пайсці на пошту.

У такім выпадку, як працаваць рэдакцыі, калі газету перастануць прымусова прымушаць выпісваць? Як зменіцца наклад «Настаўніцкай», «Юнага пажарнага», «Юнацтва» і іншых выданняў, назвы якіх знаходзяцца ў тым самым спісе?

Дык чаму мяне абавязваюць у прымусовым парадку падпісвацца? Выдаткаваў не адну гадзіну, спрабуючы знайсці адказ на сайтах газеты, Міністэрства. Але ў разважаннях тых, хто ставіў дадзенае пытанне і ў каментарах праскоквае толькі адна думка — прамое парушэнне працоўнай дамовы і заканадаўства.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру