Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што Еўропа будзе разумна падыходзіць да адносін з постсавецкімі краінамі, перш за ўсё з Расіяй. Пра гэта ён заявіў сёння на сустрэчы з прэзідэнтам Фонду міжнароднага супрацоўніцтва Рамана Продзі.

«Улічваючы, што мы з вамі еўрапейцы, што нашы краіны знаходзяцца ў Еўропе, мы вельмі зацікаўлены ў нармалізацыі адносін з нашымі еўрапейскімі партнёрамі. Але вы павінны дакладна разумець, што мы гатовыя да гэтай нармалізацыі на ўзаемапаважлівых прынцыпах, гатовыя на прынцыпах раўнапраўя будаваць нашы адносіны», — сказаў беларускі лідар.

«Мы абсалютна, дарэчы, як і вы, не прымаем мову санкцый і разлічваем, што Еўропа будзе разумна падыходзіць да адносін з рэспублікамі былога Савецкага Саюза і перш за ўсё з Расійскай Федэрацыяй. Нельга тут нам дзейнічаць з пазіцый санкцый, пагроз і гэтак далей. Сучасны свет гэтага не церпіць», — падкрэсліў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што фонд, які заснаваў Рамана Продзі, паспрыяе вырашэнню многіх пытанняў міжнароднага парадку дня. «Мы, напэўна, не адзіныя, хто чакае канкрэтных высноў і рэкамендацый вашых калегаў па сітуацыі ў свеце і нейкім напрамках дзеянняў у сувязі з тымі праблемамі, якія склаліся на міжнароднай арэне», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. У сувязі з гэтым Лукашэнка заўважыў, што яму ўяўляецца вельмі цікавым падзяліцца сваім меркаваннем, ўражаннямі па сітуацыі ў свеце.

Продзі — італьянскі левы палітык. Аляксандр Лукашэнка камунікаваў праз яго з еўрапейскімі палітычнымі коламі яшчэ ў перыяд лібералізацыі 2008—2010 гадоў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру