фота Аляксандры Баярынай

20 гадоў таму было так: з кафедры выступаў прафесар, студэнты за ім запісвалі.

Прафесар ведаў тое, чаго не ведаў ніхто ў аўдыторыі, ён быў адначасова бібліятэкай lib.ru і пошукавай сістэмай «Яндэкс». Ён атрымліваў асалоду ад сваёй манаполіі на веды. Ён з крывой усмешачкай пісаў у экзаменацыйным білеце:«Узаемаабумоўленасць Рэфармацыі і кнігадруку ў кантэксце тэорыі пашырэнняў» ці «Халодныя» і «гарачыя» медыі». І калі студэнт слухаў прафесара няўважліва, яму трэба было змарнаваць процьму часу проста на тое, каб зразумець, адкуль паходзяць гэтыя няўцямныя радочкі, дзе іх шукаць да экзамену, у якім маклюэне.

Універсітэт стаў першым, хто зразумеў блізкі крызіс Універсітэту.

Даступнасць ведаў вядзе да іх дэвальвацыі. Сістэма, якая нарадзілася яшчэ за Платонам, пачала паміраць.

Навошта запісваць за прафесарам, калі ёсць lib.ru? Калі ёсць «Яндэкс», які дапаможа ідэнтыфікаваць фразу з білета і рэкамендуе сайт, дзе ўтрымліваецца сінопсіс «Вайны і міру» на трох старонках? Калі ёсць Wikipedia, з якой пра Беларускі збройны чын можна даведацца значна лепей, чым з універсітэцкага падручніка па гісторыі (універсітэцкія прафесары пра Беларускі збройны чын могуць наогул нічога не сказаць, бо тэма небяспечная).

Узніклі ўсе гэтыя маднявыя постмадэрныя тэорыі новай акадэміі, якія, да свайго сораму, я з асалодай пераказваў у класах. Напрыклад, тэорыя выкладчыка як «чацвёртай скрыні», якая вымушаная канкураваць за ўвагу тых, хто знаходзіцца ў аўдыторыі. Бо першая скрыня — гэта мабільны тэлефон, у які ўтароплены студэнт на лекцыі. Другая скрыня — лэптоп, што стаіць перад яго вачыма. Трэцяя скрыня — power point з лекцыяй, бо што ж гэта за сучасная лекцыя без power point? Прафесар у атачэнні гэтых візуальных плыняў павінны хіба што спяваць караоке і паказваць стрыптыз, каб да яго захоўвалася хоць якая цікавасць.

Крызіс Універсітэту стаўся агульным месцам сучаснай гуманітарыстыкі.

Перада мной на стале — інстытуцкі бюлетэнь IWM Post, у якім тэме «Destruction of scholarly knowledge» прысвечана 3 старонкі.

Агульнапрымальны адказ на пытанне «Што рабіць?» я пачуў яшчэ прыкладна ў 2008 годзе, на летняй школе ва Усходнееўрапейскім універсітэце, прысвечанай трансфармацыі акадэміі ў новых умовах. «Прафесар павінны адмовіцца ад ролі пастара, якая яму належала ў мадэрным Універсітэце і засвоіць ролю дыджэя. Ён павінны міксаваць веды, як трэкі», — прыкладна так усё гучала. Нам болей не трэба пакідаць веды ў галовах. Нам трэба вучыць студэнтаў таму, дзе і як шукаць самім.

Нам трэба фармаваць кампетэнцыі, а не вучыць прафесіям, бо сучасны чалавек за сваё жыццё змяняе тры-чатыры спецыялізацыі, прычым ён вельмі рэдка працуе тым, на што вучыўся.

Бо да моманту, калі ён атрымлівае дыплом, ягоная прафесія (напрыклад, дызайнер-вярстальнік папяровых газет) можа болей не быць актуальнай.

Мой родны Універсітэт адным з першых у рэгіёне пачаў эфектыўна і ўпэўнена працаваць па-новаму: з’явіліся курсы, якія вядуцца ў дыстансе, з’явіўся Moodle — праграмная абалонка, якая дазваляе выкладаць з Вільні слухачам, што знаходзяцца ў Барселоне.

Я засвойваў усё гэта з энтузіязмам неафіта. Мне здавалася, я — наперадзе ўсіх, мае курсы будуць самымі мультымедыйнымі, сучаснымі і постмадэрнымі.

Але вось што я адчуваю цяпер: нешта працуе не так, як мы ўсе думалі. Юлія Чарняўская неяк напісала, што не можа атрымаць асалоду ад чытання электроннай кнігі, бо тое, што яна прачытвае са скрыні, не затрымліваецца ў памяці на доўгі час.

Веды, якія мы здабываем (ці рэкамендуем здабываць) з Wikipedia, — хутчэй медыйны кантэнт, чым веды.Статус у іх роўны прачытанаму на Colta.ru. Як той кажа: «У інтэрнэце можна знайсці любыя адказы на любыя пытанні». Што за людзей мы атрымаем — тых, хто не можа прачытаць «Вайну і мір», але ўпэўнены, што ведае «Вайну і мір», бо прачытаў сінопсіс?..

У межах аднаго з курсаў гэтай восенню я рэкамендаваў студэнтам прачытаць антычную палеміку аб вянку, і яны прыходзяць непадрыхтаваныя першы, другі, трэці раз, пакуль не прызнаюцца: 200 тыс. знакаў Дэмасфена — гэта занадта вялікі тэкст.

Гэта не дыслексія.

Гэта ўспрыняцце кнігі як вялікага, доўгага і нуднага артыкула з Adme.ru. Да таго ж без фотачак.

Гэтая новая сітуацыя змяніла іх, тых, што сядзяць у аўдыторыях і глядзяць у скрыні і на прафесара — як на скрыню. Умбэрта Эка ўжо патлумачыў наконт памяці: яе хутка зусім не застанецца ў галовах, бо навошта запамінаць, як звалі памочніка Дона Кіхота, калі ў кішэні ёсць мабільны дапаможнічак, які ўтрымлівае ўсе веды Зямлі?

І ў мяне ўражанне, што мы — еўрапейская адукацыйная прастора, Балонскі працэс, Стэнфардскія дыстанцыйныя курсы — мы ўсе! — ішлі трохі не ў той бок.

Так, дэвальвацыя гуманітарных ведаў адбылася. Так, крызіс Універсітэту настолькі моцны, што вось-вось цалкам заб’е акадэмічную адукацыю і людзі пачнуць вучыцца на трохдзённых курсах «Як стаць пісьменнікам», «Як стаць дызайнерам», «Як правільна есці рукамі» і г.д.

Але выйсце — не ў медыятызацыі працэсу перадачы ведаў. Выйсце — у нечым іншым.

Вось відавочна, што там, у тым мадэрным Універсітэце, была нейкая магія. Некаторых прафесараў мы слухалі, на іншых — спалі. А адзінкі — літаральна адзінкі — зрабілі наогул цуд: яны сказалі падчас лекцый словы, якія змянілі нас назаўсёды. Сфармавалі нас такімі, якімі мы ёсць…

І я лічу, што вяртацца трэба туды. На сваіх лекцыях я закрыў лэптоп і выключыў power point.

Я не хачу болей канкураваць з медыямі і быць адным з гэтых медыяў.

Я вельмі яўна бачу, што лінкі, якія мы даем на кнігі, сканы, якія мы робім, каб зрабіць тэксты максімальна даступнымі, ніхто не адкрывае. Менавіта таму, што яны максімальна даступныя.

Задача Універсітэту пасля постмадэрну — даць вучням тое, чаго не можа даць інтэрнэт. Жывую размову з мудрым і сталым выкладчыкам. Веды ж — не толькі сума прагледжаных файлаў. Веды — яшчэ і тая інтанацыя, якой чалавек разважае пра Газданава.

Ты не можаш назваць сваім вучнем студэнта, якому даслаў архіў з рыдарам па медыятэорыі. Бо ён гэты архіў і не адкрые, а на экзамене перакажа тое, што за гадзіну да таго вылавіў з Wiki.

Але ты абавязкова назавеш сваім вучнем чалавека, з якім размаўляў тры тыдні ўжывую, вочы якога бачыў увесь гэты час, як бачыў і тое, як ён рэагаваў на твае словы.

Ты расказаў яму пра Бакарджыеву так, што гэта вымусіла яго пайсці ў бібліятэку, знайсці кніжку, дачакацца яе ў чытальнай зале (бо яна рэдкая) і прачытаць — ад пачатку і да канца. Гэта твой поспех. Гэта тое, што робіць цябе выкладчыкам, а яго — студэнтам.

Давайце вяртацца да Платона.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру