Славуты кампазітар хоча, каб гарадзенцы выканалі твор «А хто там ідзе» у вялікім канцэрце ў Беларускай дзяржаўнай філярмоніі з нагоды яго юбілею.

У вялікай імпрэзе, зладжанай у гонар народнага артыста Беларусі, возьмуць удзел салісты беларускай Опэры, дзяржаўны камерны аркестр Беларусі, кампазытар Ігар Алоўнікаў ды іншыя знакавыя асобы ў беларускай клясычнай музыцы. Заплянаваная і рок-частка, якую прадставіць гурт Dzieciuki.

«Я не баюся, што гэтая каманда будзе на сцэне лішняй. Наадварот – вельмі цікава паглядзець як яны выглядаюць і гучаць. Думаю, што і для публікі гэта будзе прыемная нечаканасьць», – адзначыў Сяргей Картэс

у камэнтары для Tuzin.fm. Гарадзенскі гурт сыграе сваю вэрсію твора «А хто там ідзе», які Сяргей Альбертавіч напісаў на словы Янкі Купалы для кінафільму «Раскіданае гняздо» (1982). Кампазытар даў асабістую згоду на выкарыстаньне яго музыкі ў праекце «Re:Песьняры», для якога быў запісаны варыянт песьні ў выкананьні гарадзенскага гурту.

Фота Budzma.by

Мяркуецца, што іх выступ адбудзецца пры канцы першага адзьдзяленьня. Адмыслова да гэтага выступу Dzieciuki рыхтуюць новую вэрсію кампазыцыі, а таксама яшчэ адзін невялічкі сюрпрыз.

Канцэрт адбудзецца 21 лютага 2015 ў вялікай залі Беларускай дзяржаўнай філярмоніі.

Сяргей Картэс па праву лічыцца клясікам беларускай музыкі. Ён нарадзіўся ў 1935 годзе ў Чылі, першыя 20 год пражыў у Аргентыне, а ў Беларусь яго сям’я пераехала ў 1947 годзе. Тут ён скончыў кансэрваторыю. Свае першыя творы напісаў у 50-х гадах. Быў дырыжорам і загадчыкам музычнай часткай у Тэатры юнага гледача, Тэатра імя Янкі Купалы, музычным рэдактарам «Беларусьфільму», у 1991-2002 узначальваў беларускі тэатр опэры і балета. У ліку яго самых значных твораў – опэры «Джардана Бруна», «Юбілей», балет «Апошні інка», араторыя «Памяці паэта» паводле Янкі Купалы, музыка да такіх спэктакляў як «Сэрца на далоні», «Клоп», «Трыбунал», «Вечар» і кінафільмаў «Чорны замак Альшанскі», «Вазьму тваю боль», «Прыгоды ў горадзе, якога няма» ды яшчэ безьліч твораў. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?