Паўднёвая Карэя прадасць 120 самаходных гаўбіц К9 Польшчы, паведамілі прадстаўнікі кампаніі Samsung Techwin.

Паўднёвакарэйскія самаходкі К9.

Паўднёвакарэйскія самаходкі К9.

Згодна з дамовай, Samsung Techwin, частка Samsung Group, паставіць 24 першыя самаходкі, а потым польскі дзяржаўны канцэрн Huta Stalowa Wola па ліцэнзіі зробіць астатнія 96. Кантракт ацэньваецца прыкладна ў $320 мільёнаў, паведамляюць афіцыйныя крыніцы.

К9 маюць максімальную дальнасць агню ад 30 км да 56 км рознымі тыпамі снарадаў, важаць 47 т і могуць рухацца з хуткасцю да 67км/г. Самаходкі маюць легкае браніраванне, якое абараняе экіпаж і механізмы ад 14,5мм бранебойных куляў і аскепкаў снарадаў.

Гэтыя сучасныя самаходкі могуць імгненна мяняць пазіцыю, выстрэльваюць да 6 снарадаў у хвіліну, а таксама могуць весці агонь у рэжыме Multiple Rounds Simultaneous Impact — Адначасовага агнявога ўдару некалькімі снарадамі. У гэтым рэжыме адна машына выпускае 3 снарады за 15 секундаў, і ўсе яны трапляюць у цэль адначасова.

Пакуль такі рэжым агня сярод постсавецкіх самаходак маюць, па дадзеных прэсы, толькі расейскія 2С19М2 — нядаўна мадэрнізаваныя 152мм самаходныя гаўбіцы «Мста-С». Такіх гарматаў РФ, як лічыцца, мае 108.

155-міліметровая самаходная гаўбіца К9 была распрацаваная ў 1998 годзе. Разам з ёй была створаная машына аўтаматычнага папаўнення баезапасу К10. Пакуль невядома, ці Польшча набывае разам з К9 і К10.

У Польшчы ёсць падобныя 155мм самаходкі AHS Krab, аднак яны пакуль задаволілі па сваіх якасцях Міністэрства абароны краіны.

Верагодна, праблемы з дапрацоўкай канструкцыі AHS Krab прымусілі Польшчу хутчэй шукаць магчымасці павялічыць артылерыйскую моц сваёй арміі на фоне рэзкага абвастрэння сітуацыі ў Еўропе ў сувязі з расійскай агрэсіяй супраць Украіны. Да таго ж баявыя дзеянні ва Украіне прадэманстравалі, што не пяхотная зброя, а менавіта артылерыя застаецца асноўным сродкам знішчэння праціўніка ў сітуацыі, калі авіяцыя не мае свабоды дзеяння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?