У рэдакцыю «Нашай Нівы» працягваюць ісці скаргі ад супрацоўнікаў беларускіх прадпрыемстваў. У гэты раз да нас звярнулася жанчына, якая і праз два месяцы пасля звальнення не можа атрымаць грошы, якія зарабіла. Не дапамог нават пазоў у суд.

У канцы лета наша чытачка ўладкавалася на «Марусю» – вядомае мінскае прадпрыемства па вытворчасці дзіцячага адзення. Заробак абяцалі прымальны.

Аднак на справе ўсё аказалася не так добра. Па-першае, на працы нярэдка прыходзілася заставацца дапазна. А па-другое, высветлілася, што за гэтыя перапрацоўкі плацяць абяцанкамі. Затрымак заробку – звычайная справа для прадпрыемства.

«За тры месяцы маёй працы я атрымала толькі 1,3 мільёна рублеў. То бок – частку зарплаты за першы месяц працы. І ўсё, — кажа жанчына. – Прычым для «Марусі» гэта не дзіўна. Людзей прывучылі да такой сістэмы, многія ўвосень яшчэ не атрымалі ўсе грошы за май. Пры гэтым супрацоўнікі пачыналі здзіўляцца, калі нехта выказваў незадаволенасць такой сітуацыяй – казалі, а як гэта табе будуць плаціць, калі ты абураешся? Маўляў, не трэба псаваць адносіны з начальствам, дык можа хоць нешта заплацяць. Кіраўніцтва «Марусі», у сваю чаргу, адказвала проста — што грошай няма».

Прайшоў месяц, потым другі. Грошай не давалі. Стала зразумела, што праца ў такіх умовах не мае сэнсу. І, праз амаль тры месяцы, жанчына звольнілся. Але ў пазначаныя заканадаўствам тры дні пасля звальнення яе не разлічылі.

«Папрасілі трошкі пачакаць. Пачакала. Прайшоў тыдзень, другі… Плаціць ніхто не збіраўся».

Тады былая супрацоўніца вырашыла ісці ў суд. Напісала заяву, дачакалася яе разгледжання.

«Але самі судовыя работнікі сказалі – калі хочаце, каб вам хутчэй выплацілі, то лепш падпісаць з прадпрыемствам міравое пагадненне. Бо калі патрабаваць кампенсацыю за ўсе дні чакання, то грошай будзе больш, але чакаць прыйдзецца невядома колькі, — распавядае жанчына. – Таму гэтае пагадненне я падпісала. Згодна з ім на працягу двух тыдняў са мной павінны былі разлічыцца».

Але «Маруся» ізноў праігнаравала ўсе тэрміны. Праз два тыдні жанчына ізноў пайшла ў суд – бо прадпрыемства не выплаціла ні капейчыны. Цяпер чакае, чым гэта ўсё скончыцца, але ўпэўненасці ў тым, што да святаў ёй заплацяць яе ж грошы, няма.

Да таго ж, як высветлілася, кампанія «Маруся» складаецца з некалькіх розных юрыдычных асобаў. У адносінах да адной з іх – СТАА «Маруся» – ужо ўвогуле распачата працэдура банкруцтва.

«Калі праз суд нічога не атрымліваецца, няхай людзі ідуць у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Лепей за ўсё, калі ёсць яшчэ пацярпелыя, аб’яднаць намаганні і паспрабаваць ініцыяваць пытанне аб працэдуры банкруцтва праз эканамічны суд і пракуратуру. Тады замест існуючага кіраўніцтва будзе прызначана антыкрызіснае, якое будзе вырашаць пытанні па запазычанасцях», — паведаміў Ігар Раманёнак, антыкрызісны кіраўнік СТАА «Маруся», якога прызначыў суд.

Датэлефанавацца да кіраўніцтва, на жаль, не атрымалася. Часцей за ўсе да тэлефона ўвогуле ніхто не падыходзіў. А нешматлікія ўдалыя спробы канчаліся на сакратарцы, якая абяцала злучыць з дырэктарам. Аднак вынікам былі ізноў жа доўгія гудкі.

«Калі я тэлефаную, яны таксама не падыходзяць. Для іх я такой жа вораг, як і вы і людзі, якім яны не плацяць», — сказаў Раманёнак.

Дададзім, што ў 2011 годзе кіраўнік «Марусі» Марына Падабед заняла пятае месца ў рэйтынгу самых паспяховых бізнэсвумэн Беларусі. А на сённяшні дзень, паводле нашай інфармацыі, Марына і яе муж Віктар Падабед могуць быць прыцягнутыя да адказнасці па прычыне запазычанасці па займах, якая складае каля мільярда рублёў.

Цікава, што слоган прадпрыемства гучыць «для тых, хто будуць лепшымі за нас». Мяркуючы па ўсім, быць лепшым за такое кіраўніцтва не вельмі і складана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?