Намеснік прэм'ер-міністра Пятро Пракаповіч заяўляе, што дэвальваваць беларускі рубель не плануецца, і прапануе не стаяць у чэргах у абменныя пункты за валютай.
«Пытанне аб дэвальвацыі — не да мяне. Але калі вы мне верыце, то — не будзе», — заявіў Пракаповіч журналістам 19 снежня ў Мінску.
Паводле яго слоў, курс рубля будзе такім, які запланаваны ў асноўных напрамках сацыяльна-эканамічнага развіцця.
Пракаповіч адзначыў, што кіраўнік дзяржавы 18 снежня даў усе адказы на пытанні аб дэвальвацыі. У прыватнасці, сказаў ён, пра тое, што Беларусь не пойдзе за Расіяй у пытанні дэвальвацыі рубля.
Таксама Пракаповіч параіў не стаяць у чэргах у абменныя пункты па валюту.
Паводле яго слоў, адсутнасць валюты ў некаторых з іх выклікана тэхнічнымі пытаннямі, звязанымі з вялікім попытам у насельніцтва.
Нагадаем, Пятро Пракаповіч ужо выступаў з такой заявай напярэдадні крызісу 2011 года, калі беларускі рубель абясцэніўся ў тры разы.
«Пакуль я з'яўляюся старшынёй праўлення Нацбанка, ніякай разавай дэвальвацыі за адзін раз ніколі не будзе», — заявіў ён у сакавіку 2011 года. да канца 2011 года курс даляра вырас з 3 тыс. да 8 700 рублёў.





