На гэтым тыдні Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) меў гонар прымаць у сябе сем выдатных кандыдатаў, якія былі запрошаныя ў навучальны корпус як фіналісты конкурсу на заняццё пасады рэктара ўніверсітэта. Іх візіт быў арганізаваны ўніверсітэтам па просьбе Пошукавай камісіі, створанай на вераснёўскім пасяджэнні Кіраўнічай рады ЕГУ; у праграму візіту былі ўключаныя сустрэчы са студэнтамі, выкладчыкамі, вышэйшым звяном адміністрацыі і чальцамі Кіраўнічай рады, якая прымеркавала прыезд кандыдатаў да свайго штогадовага снежаньскага пасяджэння.

Кожны кандыдат узяў удзел у гадзіннай мадэраванай групавой дыскусіі, якую зладзілі студэнты пад старшынствам новаабранага прэзідэнта Студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ Дзяніса Кучынскага. За арганізацыю сустрэч кожнага з кандыдатаў з выкладчыкамі адказваў прафесар Рыгор Мінянкоў, старшыня Сената ЕГУ.

У 14 групавых сумоўях, якія доўжыліся цягам двух дзён, узялі ўдзел агулам 60 студэнтаў і 60 чальцоў прафесарска-выкладчыцкага складу ЕГУ. Мадэратары сустрэч са студэнтамі і з выкладчыкамі таксама адказвалі за збор анкет ад усіх удзельнікаў сустрэч з кожным з кандыдатаў і за падвядзенне вынікаў па асноўных пытаннях, закранутых падчас сустрэч у сваіх адпаведных групах, і заўвагах па кожнай з кандыдатур для Пошукавай камісіі. У рамках візіту ў навучальны корпус таксама адбыліся сустрэчы з прарэктарамі ЕГУ і з Пошукавай камісіяй Кіраўнічай рады. Беручы пад увагу шматмоўны характар ЕГУ як інстытуцыі, сумоўі праводзіліся на беларускай, англійскай або рускай мовах, у залежнасці ад пажаданняў кандыдата. Старшыня Пошукавай камісіі прафесар Дэн Дэвідсан адзначыў: «З аднаго боку, супольнасць зацікаўленая ў тым, каб пазнаёміцца і ацаніць кандыдатаў, якія падалі заяўкі на заняццё пасады ў ЕГУ, але мы заўсёды ўлічваем, што і кандыдаты ацэньваюць нас і нашую ВНУ. Мы хочам забяспечыць такія ўмовы, каб кожны адчуў, што яму была дадзеная магчымасць выказаць сваё бачанне ўніверсітэта і адчуць дух супольнасці ЕГУ падчас свайго візіту ў навучальны корпус».

Аб'ява пра пошук кандыдатаў на заняццё пасады рэктара і кантактная інфармацыя Пошукавай камісіі была размешчаная на сайце ЕГУ ў пачатку кастрычніка. Тая ж aб'явабыла апублікаваная на буйных міжнародных парталах і рассылках, у тым ліку Times Supplement і Chronicle of Higher Education. Заяўкі на заняццё пасады падалі кандыдаты з Беларусі, Вялікабрытаніі, Літвы, Нарвегіі, Пакістана і ЗША.

Сярод сямі фіналістаў, запрошаных ва ўніверсітэт для правядзення сумоўяў, трое — грамадзяне Беларусі.

Цягам наступных тыдняў Пошукавая камісія і чальцы Кіраўнічай рады пяройдуць да дбайнага разгляду вынікаў двух дзён сумоўяў і абмеркаванняў. Пошук рэктара пераходзіць да наступнага этапу: праверкі рэкамендацый, аналізу публікацый і выпрацоўкі пунктаў для абмеркавання ў рамках заключнага этапу ацэнкі кандыдатаў.

Працэс выбару рэктара ЕГУ, зразумела, выклікаў вялікую цікавасць універсітэцкай супольнасці, СМІ, урадавых і прыватных груп фундатараў, выпускнікоў і сяброў ЕГУ з усяго свету. «Мы вітаем станоўчую ўвагу і падтрымку і выказваем удзячнасць за шматлікія парады, якія мы атрымалі», — пракаментаваў д-р Дэніэл Таршыс, старшыня Кіраўнічай рады. Кіраўнічая рада спадзяецца, што рэкамендацыі Агульнаму сходу сузаснавальнікаў (органу, адказнаму за прыняццё канчатковага рашэння) датычна кандыдатуры новага рэктара будуць зробленыя да 1 сакавіка 2015 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0