Некаторыя бегаюць па банках у надзеі купіць валюту, некаторыя чакаюць, пакуль хтосьці прыйдзе прадаваць долары ці еўра. Іншыя купляюць бытавую тэхніку ў крэдыт і нават у лізінг.

Ад 18 снежня павысіўся попыт на пакупку замежнай валюты.

Трэба расказваць, які бардак творыцца!

Карэспандэнтка «Рэгіянальнай газеты» сёння праверыла на сабе, ці можна купіць замежную валюту, калі так, то дзе.

Спачатку пайшла ў «МТБбанк» каля рынку райспажыўтаварыства. Людзі не звярталі ўвагі на дождж, стаялі ў чарзе, накрыўшыся капюшонамі.

Калі пачала фатаграфаваць, пачалі пытацца, з якой я газеты, выкрыквалі: «Правільна, трэба расказваць пра сітуацыю ў краіне! Бардак творыцца!» Астатнія схавалі твары пад капюшонамі.

У «Ідэябанк» нам паведамілі, што замежнай валюты ўжо не прадавалі ў сераду, 17 снежня. Ад сённяшняга дня ў гэтым банку не выдаюць крэдыты.

Чакаюць, пакуль нехта здасць валюту

У «БелВЭБ» банку, што ў «Еўраопце», людзей было менш. Перада мной у чарзе – пяць чалавек. Падыходзілі яшчэ, станавіліся за мной. Аднак руху ніякага не было. Людзі стаялі, размаўлялі паміж сабой, дзяліліся ўражаннем ад сітуацыі. Там валюты не было, людзі чакалі, пакуль нехта прыйдзе яе здаваць.

Падышла дзяўчына, каб здаць грошы. Людзі ажывіліся, прапусцілі яе наперад. Адразу валюту купіў мужчына. Астатнія людзі ў чарзе засталіся чакаць.

«Лётаю па горадзе, як дурны»

Пасля зайшла ў «Белаграпрамбанк», «Белінвестбанк», «Беларусбанк» сітуацыя была падобная

Нехта сядзеў спакойна і чакаў, пакуль прынуць здаваць грошы. Нехта тлумачыў, чаму бегае па горадзе ў пошуках валюты. Іншыя хваляваліся за тое, што нідзе не могуць купіць грошай. Так адзін мужчына падзяліўся сваімі ўражаннямі:

– Нядаўна разбіў машыну, – гаворыць ён. – Цяпер трэба купляць запцацкі. Я б разлічваўся і беларускімі грашмі. Аднак жа ніхто не хоча іх прымаць. Усё лічаць у замежнай валюце. Вось і лётаю па горадзе, як дурны!

Пабегаўшы па банках у пошуках валюты, прачынаецца азарт і злосць на тое, што нічога не купіў. Галавой разумееш, што яе няма ў наяўнасці. Калі вельмі патрэбна, то трэба чакаць, пакуль нехта здасць. Аднак азарт гоніць ногі наперад, і ты ляціш з банка ў банк. Так робяць і многія людзі ў чэргах, калі чуюць словы: «Ні долараў, ні еўра ў продажы няма.»

На тэхніку афармляюць крэдыты, бяруць яе ў лізінг

Таццяна Марцінкевіч, загадчыца магазіна «Пяты элемент» у Маладзечне, адзначыла:

– Наведнікаў стала больш ужо з учарашняга вечара, ад 18 снежня. Людзі купляюць усё: побытавыя тавары, лічбавую тэхніку. Асаблівым попытам карыстаюцца тэлефоны, тэлевізары. Аднак не кідаюцца на тэхніку, толькі б купіць, – адзначае жанчына. – Просяць кансультацыі спецыялістаў, раяцца з імі.

Спецыяліст заўважае, што людзі купляюць тавары ў крэдыт, бяруць іх у лізінг.

Цэны на тавары не павялічылі

Загадчыца магазіна мяркуе, што на выхадныя колькасць пакупнікоў павялічыцца.

– На выхадныя заўсёды большая наведвальнасць пакупнікоў, – заўважае спецыяліст. – Людзі прыходзяць за таварамі не толькі з Маладзечна, але і з рэгіёнаў.

Аднак яна раіць не хвалявацца людзям, якія хочаць набыць бытавую тэхніку, бо будзе новае паступленне тавараў.

Сёння сем чалавек чакалі, пакуль магазін адкрыецца. Увечары кіраўніцтва магазіна патэлефанавала супрацоўнікам, якія на выхадных, папрасіла іх выйсці на працу, бо наведвальнасць павялічылася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?