«Наша Ніва» паспрабавала 19 снежня «набыць» праз інтэрнэт смартфон Samsung Galaxy S4. Па выніках абзвону 10 крамаў толькі чатыры згадзіліся прадаць апарат:
6 з 10 крамаў не здымалі тэлефон.
Адна крама зняла тэлефон, каб сказаць, што не будзе працаваць яшчэ некалькі дзён.
Наступная крама назвала звычайную цэну ў далярах, але паведаміла, што беларускія рублі не прымае.
У наступнай краме назвалі цэну ў далярах.
На пытанне, ці можна плаціць у рублях, адказалі: «Памнажайце на 20».
Яшчэ ў адной краме адбылася такая размова: «Дзень добры, ці ёсць у вас у наяўнасці смартфон Samsung Galaxy S4?» — «Працуем толькі за даляры». — «Толькі за даляры?» — «Да пабачэння».
Апошняя крама не мела аптымізму адносна беларускага рубля. Пры звычайнай цане ў далярах беларускія яны не згадзіліся прымаць нават па курсе 20000:1.
«Хто знае, заўтра вунь па 25 будзе».
Сваю працу прыпынілі і магазіны аператараў МТС і velcom, яны часова недасяжныя.
Інтэрнэт-каталог аператара life:) дасяжны і не мяняў цэнаў. Як распавяла «Нашай Ніве» прэс-сакратар аператара Юлія Златкоўская, цэны на сайце адпавядаюць цэнам у пунктах продажаў, а плата па закупах у растэрміноўку мяняцца не будзе.
«У дамове і ў заканадаўчых актах рэгламентуецца змена цэн і тарыфікацыі і ўмовы аказання паслуг у той частцы, што мы маем права гэта рабіць толькі пры істотных — менавіта ў такой фармулёўцы! — толькі пры істотных зменах афіцыйнага курсу беларускага рубля, — кажа яна. Зараз падстаў для нейкіх дзеянняў, зменаў мы не бачым».





