Удзень 19 снежня ў Беларусі пачаліся праблемы з доступам да папулярных інтэрнэт-рэсурсаў. Tut.by і Onliner.by былі недаступныя праз праблемы ў дата-цэнтрах ды наплыў карыстальнікаў. Charter97.org i Belaruspartisan.org здаваліся заблакаванымі.
У раёне 17:00 сайт Charter97.org аднавіў працу.
Сайт «Беларускага партызана» застаецца недасяжным з Беларусі, але дасяжным праз ананімайзеры. Сігнал абрываецца на сетцы «Белтэлекама» Belpak.
«Белтэлекам» тымчасам паведамляе аб DDOS-атаках: «У сувязі з DDOS-атакай на абсталяванне ЦАД РУП «Белтэлекам» магчымыя цяжкасці з доступам да шэрагу інфармацыйных рэсурсаў нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт. Спецыялістамі прымаюцца ўсе магчымыя меры па лакалізацыі магчымых праблем».
* * *
Сайт «Нашай Нівы» NN.BY працуе з вялікімі перагрузкамі ў сувязі з рэзкім ростам наведванняў. Мы былі вымушаныя адключыць усе рэкламныя банеры, каб Вы маглі лягчэй адкрываць сайт.
Не выключана, што сайту на нейкі час прыйдзецца перайсці ў рэжым ПДА-версіі.
У выпадку поўнага спынення доступу да НН сачыце за стужкай навін NN.BY Укантакце, Фэйсбуку і Твітары: https://vk.com/nasa_niva, facebook.com/Наша Ніва, https://twitter.com/nasa_niva.
Калі ласка, вынесіце гэтыя старонкі сабе ў закладкі.
У выпадку форс-мажорнага развіцця сітуацыі аб далейшых кроках будзе паведамляцца праз стужкі навін НН Укантакце, ФБ і Твітары, а таксама на прыватных старонках рэдактараў НН.





