Сустрэча была прысвечана сітуацыі ў фінансавай сферы. Міністр Лілія Ананіч паінфармавала рэдактараў пра апошнія крокі і аб прыярытэтах дзяржаўнай палітыкі на гэтым этапе. Яна расказала, што ўрад і Нацбанк ажыццяўляюць неабходныя меры, каб утрымаць сітуацыю пад кантролем і каб краіна «сустрэла Новы год спакойна».

Яна паабяцала, што дзяржаўныя структуры будуць вычарпальна паведамляць пра ўсе наступныя крокі ў гэтай сферы. У сваю чаргу, яна прасіла, каб СМІ асвятлялі сітуацыю ўзважана, зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў краіны. 

Пасля гэтага адбыўся ажыўлены, а момантамі і востры абмен думкамі па пытаннях, якія ўяўляюць узаемны інтарэс. Гаворка выйшла за межы зададзенай міністрам тэмы. Закраналіся пытанні паправак у закон аб СМІ. Рэдактар «Нашай Нівы», напрыклад, сярод іншага, узняў пытанне пра лёс кнігарні «логвінаЎ».

У сустрэчы бралі ўдзел адказныя супрацоўнікі міністэрства. Ад СМІ прысутнічалі, акрамя рэдактара «Нашай Нівы», Іосіф Сярэдзіч ад «Народнай волі», Юрый Зісер і Марына Золатава ад партала Тут.бай, Ірына Леўшына ад агенцтва БелаПАН, рэдактары «Белорусов і рынка», «Комсомольской правды в Беларусі», агенцтва «Інтэрфакс», сайта Ej.by, «Аргументов і фактов». Звярнула ўвагу прысутнасць кіраўніка бюро агенцтва «Россія сегодня», партала Yandex.by. Быў запрошаны і прадстаўнік Mail.ru, але ён не змог з'явіцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?