Сітуацыя з выкананнем правоў чалавека ў Беларусі ў 2008 годзе не палепшыцца, лічаць праваабаронцы.

Як зазначыў у інтэрв'ю БелаПАН праваабаронца Валянцін Стэфановіч, "улічваючы, што ў новым годзе пройдуць парламенцкія выбары, колькасць рэпрэсій, несумненна, узрасце". Разам з тым, ён спадзяецца, што "такіх жорсткіх рэпрэсій, як у 2006 годзе, не будзе".

Яго калега Алесь Бяляцкі прагназуе, што 2008 год "будзе больш вострым і драматычным, чым 2007-ы". "Але метады кіраўніцтва дзяржавай улада не мяняе — яны шмат у чым грунтуюцца на рэпрэсях. Я думаю, што гэтая адміністрацыйна-камандная сістэма асуджана на паразу, калі не ў 2008 годзе, то ў недалёкай будучыні", — лічыць А.Бяляцкі.

Адзін з кіраўнікоў Беларускага Хельсінкскага камітэта (БХК) Алег Гулак мяркуе, што новы год будзе ў многім паўтараць папярэдні. "І Еўрапейскі саюз, і міжнародная супольнасць, і беларускія дэмакратычныя сілы будуць са спадзевам глядзець у туманны гарызонт і чакаць нейкіх крокаў ад беларускай улады. У той жа час, беларуская ўлада будзе манеўраваць паміж жаданнямі і магчымасцямі. З аднаго боку, гэтыя дзеянні будуць скіраваныя на захаванне самой улады, што абапіраецца, у асноўным, на рэпрэсіі, з іншага — не псаваць адносіны з Еўропай, а з трэцяга — не дапусціць інкарпарацыі Беларусі ў Расію", — лічыць А.Гулак.

На думку праваабаронцы, не трэба спадзявацца на будучыя парламенцкія выбары ў плане дэмакратызацыі. "Дэмакратычнымі выбары могуць стаць толькі ў сувязі з рэальным паляпшэннем агульнай сітуацыі з правамі чалавека. Без такога паляпшэння выбары немагчымы, а ўлада на гэта наўрад ці пойдзе. У міжнароднай супольнасці, апрача чарговых канстатацый і заяў, практычна не засталося рэальных інструментаў для ўплыву на сітуацыю ў Беларусі, і асабліва на дэмакратызацыю выбарчага працэсу", — лічыць прадстаўнік БХК.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?