Прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч лічыць, што аднаўленне паставак у Расію беларускай прадукцыі ідзе марудна з-за таго, што партнёры хочуць прыгожа выйсці з сітуацыі. Аб гэтым кіраўнік урада заявіў журналістам, паведамляе БелТА.

Паводле яго слоў, асноўныя прадпрыемствы ўжо адкрыты і даволі паспяхова працуюць, у тым ліку на экспарт.

Яшчэ каля 10 пакуль не аднавілі экспартныя пастаўкі. Палавіна з іх была закрыта з-за выяўлення генома АЧС. Міхаіл Мясніковіч расказаў, што цікавіўся ў спецыялістаў, ці можа геном трансфармавацца ў вірус. «Мне было адназначна сказана, што гэта немагчыма», - адзначыў кіраўнік беларускага ўрада.

Беларускі бок вядзе даследаванні на прадпрыемствах разам з Рассельгаснаглядам.

«Мы адкрыты, у нас ніякіх тайн няма. Яны ходзяць там уздоўж-упоперак, усё агледзелі, усе дакументы паднялі. Мы ім усё прадаставілі. Разлічваем, што будзе адпаведнае разуменне. Гэта разуменне не проста мной дэкларуецца, у яго аснове рашэнні, якія прымаюцца на ўзроўні ўрадаў», — адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

Ён нагадаў, што 19 снежня адбылася сустрэча віцэ-прэм'ера Міхаіла Русага і намесніка старшыні ўрада Аркадзя Дварковіча.

Былі разгледжаны ў тым ліку пытанні аднаўлення паставак, дадзены адпаведныя даручэнні для актывізацыі гэтага працэсу.

Міхаіл Мясніковіч акцэнтаваў увагу на тым, што аб'ёмы продажаў беларускіх прадуктаў харчавання ў Расію на 2015 год ужо ўзгоднены. Яны вышэйшыя, чым у бягучым годзе.

«Гэта яшчэ раз сведчыць аб тым, што нашы прадукты харчавання на рынку Расіі запатрабаваны. Цяпер мы актыўна працуем з цаной.

З-за дэвальвацыі расійскага рубля мы гандлюем у нуль, а па некаторых групах нават у мінус.

Але мы разумеем, што цэны ў Расіі ўсё ж такі будуць павышацца, даходнасць нашага экспарту расці. Мы павінны захаваць гэтыя рынкі», — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.

«Праблемы і цяжкасці, якія перажывае Расія — гэта рэч не кан'юнктурная. І мы не павінны імкнуцца атрымаць выгаду на гэтым. Мы дабяром за кошт эфекту маштабу, за кошт таго, што ў далейшым адновіцца даходнасць нашага экспарту», — рэзюмаваў прэм'ер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?